Беларуская Служба

Паляк з Беларусі дапамагае землякам аднаўляць польскае грамадзянства

21.02.2025 16:03
Ураджэнец Гродна Эдгард Чэслаў Скаржыньскі на аснове свайго вопыту дапамагае ў рэпатрыяцыі палякам з усяго свету.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". Э.Скаржыньскі пра палякаў з РБ у РП.
.
Гродна.pixabay.com

У сувязі з тым, што па ініцыятыве ЗША цяпер вядуцца перагаворы паміж уладамі гэтай краіны і Расіяй адносна трэцяй краіны — Украіны, назіральнікі ўзгадваюць пра тое, як яшчэ не так даўно, у 1938 годзе, заходнія «дэмакратыі» падобным чынам вырашалі разам з Гітлерам лёс Чэха-Славакіі, а ў 1939 годзе ўжо Гітлер у пары са Сталіным падзялялі Польшчу. Падзел Польшчы дагэтуль адбіваецца на лёсах людзей, у тым ліку палякаў у Беларусі.

Як вядома, пад канец Другой сусветнай вайны на канферэнцыях у Тэгеране і Ялце Сталін з заходнімі саюзнікамі па антыгітлераўскай кааліцыі падзялілі на сферы ўплыву ўсю Усходнюю Еўропу, а граніцы Польшчы змянілі да непазнавальнасці.

Дагэтуль многія нашчадкі палякаў, якія да 1939 года былі грамадзянамі Рэспублікі Польшча, жывуць за ўсходняй мяжой сучаснай польскай дзяржавы. І вяртанне ў яе межы не для ўсіх з'яўляецца лёгкай задачай. Пра свой вопыт вырашэння гэтага пытання расказаў Эдгард Чэслаў Скаржыньскі, ураджэнец Гродна, які потым жыў і працаваў у Мінску.

— Я паходжу з польскай сям'і, якая ў выніку гістарычных падзей засталася на тэрыторыях Савецкага Саюза, а нарадзіўся я ў Гродне.

Скаржыньскія — гэта род, гісторыя якога адлічваецца з XIII стагоддзя. Існавала некалькі яго галін, але гняздо Скаржыньскіх знаходзілася ў Мазовіі, на паграніччы з Падляшшам. Дагэтуль у Падляшскім ваяводстве, у Замбруўскім павеце, існуюць вёскі Стары-Скаржын і Новы-Скаржын.

У дзяцінстве я хадзіў з маці ў касцёл і памятаю, як мы заўсёды гаварылі пра Польшчу. Мая бабуля заўсёды гаварыла: «Тут Польшча, Польшча вернецца». Пасля Другой сусветнай вайны частка сям'і майго дзеда пераехала ў Польшчу. У 1970-я гады нас часта наведвалі сваякі, браты і сёстры дзеда, які пасля ссылкі ў Сібір перабраўся ў Польшчу.

Да гэтага часу мае кузены жывуць у Шчэціне і іншых гарадах Польшчы, а сястра маёй маці ў Сілезіі. Гэтыя сувязі заўсёды падтрымліваліся.

Цяпер Эдгард Чэслаў Скаржыньскі — жыхар Варшавы, грамадзянін РП, старшыня фонда Polonia Union, адной з задач якога з'яўляецца дапамога палякам у Беларусі і ўвогуле ва Усходняй Еўропе ў аднаўленні свайго польскага грамадзянства — пасля таго, як у выніку Ялцінскай канферэнцыі саюзных дзяржаў 4-11 лютага 1945 года — СССР, ЗША і Вялікабрытаніі — быў усталяваны пасляваенны сусветны парадак з новымі граніцамі РП.

— Многія палякі апынуліся за межамі даваеннай РП. Гэта закранула і маю сям'ю. Мае бацькі, народжаныя ў РП, на тэрыторыі сучаснай Беларусі, былі ў той час непаўналетнімі, мелі польскае грамадзянства.

У выніку нападу Савецкага Саюза на РП у 1939 годзе і далучэння гэтых тэрыторый да СССР, ім было навязана савецкае грамадзянства. Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны як Польшча, так і савецкі бок пагадзіліся на вырашэнне сітуацыі з людзьмі польскай нацыянальнасці, якія апынуліся на тэрыторыі СССР, як з асобамі з двайным грамадзянствам.

Дарэчы, у часопісе Niepodległość i Pamięć (2024, № 4), выданні варшаўскага Музея незалежнасці, апублікаваны артыкул Stanisław Skarżyński (1896-1939) – uczestnik wojny polsko-bolszewickiej i obrony Grodna — пра Станіслава Скаржыньскага, дзеда Эдгарда Чэслава Скаржыньскага, які быў удзельнікам польска-бальшавіцкай вайны 1919-1920 гг. і абароны Гродна ў 1939 г. Ён быў забіты савецкімі агрэсарамі 20 верасня 1939 г.


Эдгард Чэслаў Скаржыньскі.
Эдгард Чэслаў Скаржыньскі.

Бацькі Эдгарда Чэслава Скаржыньскага так і не «вярнуліся» ў Польшчу. Але гэта зрабіў іх сын. Аднак ён сутыкнуўся з пэўнымі цяжкасцямі.

— Я вярнуўся на сваю бацькаўшчыну і сутыкнуўся з некаторымі цяжкасцямі. У польскім заканадаўстве дзейнічае прынцып права крыві. 52-і артыкул Канстытуцыі РП сведчыць, што чалавек, чыё польскае паходжанне пацверджана, можа пражываць у Польшчы пастаянна.

Гэта было ў 2004-2005 гадах. Я не мог змірыцца з тым, што мне трэба было падаваць заяву на атрыманне польскага грамадзянства. Я не шукаў шляхоў у абыход і не падаваў заяву на атрыманне грамадзянства прэзідэнту РП.

Тады нават той, хто нарадзіўся да 1939 года ў РП, або яго нашчадкі, павінен быў зноў атрымаць грамадзянства РП шляхам падачы заявы на імя прэзідэнта. Эдгард Чэслаў Скаржыньскі заняў прынцыповую пазіцыю.

— Я стаў на той пазіцыі, што польскае грамадзянства я атрымаў у момант нараджэння — па праву крыві, што ў канчатковым выніку пацвердзіў і зацвердзіў у адпаведным рашэнні міністр ўнутраных спраў і адміністрацыі РП. Аднак у той час дзеючы закон не прадугледжваў палажэнняў або заканадаўчых рашэнняў для гэтага выпадку, якія датычыліся працэдуры аднаўлення польскага грамадзянства.

Я ўзяў на сябе ініцыятыву змены гэтага закона ў рамках дзеючага заканадаўства. Я прыняў рашэнне аднавіць польскае грамадзянства, набытае пры нараджэнні ад бацькоў, якія з'яўляліся грамадзянамі Польшчы.

Аднак для гэтага патрабавалася змяніць дзеючы закон аб польскім грамадзянстве 1962 года. Я ўзяў на сябе ініцыятыву змянення гэтага закона. Я асабіста ініцыіраваў працэдуру змен. Гэта працягвалася амаль восем гадоў — ва ўмовах адсутнасці ў польскім заканадаўстве палажэнняў, якія рэгламентуюць парадак аднаўлення польскага грамадзянства ў адпаведнасці з дзеючым канстытуцыйным прынцыпам права крыві асобамі польскага паходжання, якія пражываюць за межамі краіны, што ўяўляла сабой дыскрымінацыю ў дачыненні да гэтай групы асоб. Я паслядоўна займаўся гэтым пытаннем: вычарпаўшы ўсе адміністрацыйныя і судовыя працэдуры, дамогся падачы канстытуцыйнай скаргі ў Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Польшча адносна неадпаведнасці дзеючых у той час палажэнняў, якія датычаць працэдуры аднаўлення польскага грамадзянства асобамі польскага паходжання, Канстытуцыі Рэспублікі Польшча.

Гэтая ініцыятыва знайшла падтрымку сярод юрыстаў, а таксама атрымала шырокі розгалас у СМІ з 2005 па 2010 год. Гэта прывяло да змянення грамадскай думкі і, у канчатковым выніку, да разгляду маёй ініцыятывы на пленарным пасяджэнні Сената РП.

Гэтыя дзеянні істотна паспрыялі таму, што ў 2009 годзе Сейм РП прыняў новы закон аб польскім грамадзянстве, палажэнні якога часткова ўлічвалі прапановы па парадку аднаўлення польскага грамадзянства для асоб польскага паходжання.

Аднак гэты закон быў абскарджаны ў 2010 годзе ў Канстытуцыйным Судзе тагачасным прэзідэнтам РП Лехам Качыньскім, які сцвярджаў, што гэтыя палажэнні пашыралі поле для прызнання польскага грамадзянства і ўшчамлялі канстытуцыйную прэрагатыву прэзідэнта ў пытанні надання польскага грамадзянства.

Урэшце, ініцыятыва паляка з Беларусі была часткова ажыццёўлена — для аднаўлення польскага грамадзянства асобам польскага паходжання, якія жывуць за межамі РП, згодна з канстытуцыйным прынцыпам права крыві (ius sanguinis).

Эдгард Чэслаў Скаржыньскі не спыніўся на дасягнутым.

— У гэтым кірунку мы працягваем дзейнасць у фондзе Polonia Union: дапамагаем нашым суайчыннікам, якія апынуліся ў аналагічнай сітуацыі, таму што няма аўтаматычнага прызнання польскага грамадзянства, а ёсць яго аднаўленне. Зацікаўленая асоба абавязана даказаць сваё польскае паходжанне, гэта значыць даказаць свой гістарычны радавод.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Выдадзены сакрэтныя дакументы аб польска-савецкіх адносінах у 1932–1939 гг.: ёсць у іх і беларускі акцэнт

12.12.2024 15:41
Варшаўскі Цэнтр дыялогу імя Ю. Мерашэўскага выдаў „Dokumenty do historii stosunków polsko-sowieckich 1918–1945 Tom III 1932–1939”.

Прафесар Херонім Граля: На Захадзе часта не ўлічваюць спецыфікі Беларусі

17.02.2025 13:54
Гісторык і дыпламат Херонім Граля лічыць, што на Захадзе для Беларусі распрацоўваюць сцэнарыі, якія не спрацавалі б і многа дзе ў Еўропе.