Беларуская Служба

Памёр Ян Кабушэўскі - арыстакрат польскага кабарэ

30.09.2019 17:21
Ян Кабушэўскі адрозніваўся вялікай культурай і класам. У кожным тэатральным калектыве яго лічылі аўтарытэтам.
Аўдыё
  • Памёр Ян Кабушэўскі - арыстакрат польскага кабарэ.
Ян Кабушэўскі PAP/Rafał Guz

28 верасня ва ўзросце 85 гадоў памёр Ян Кабушэўскі (Jan Kobuszewski) - выдатны тэатральны і кінаакцёр, майстар кабарэ.

Ян Кабушэўскі здымаўся ў дзясятках фільмаў, у тым ліку „Брунет вечарам”, „Не бывае ружы без агню” або „Той, каго шукаюць”. Ён удзельнічаў у больш чым 2 тысячах тэлевізійных забаўляльных праграмаў. Польскія гледачы таксама памятаюць яго ролі з Тэатра тэлебачання і тэатра "Квадрат" у Варшаве, з якім быў звязаны 37 гадоў.

Усё ж самую вялікую папулярнасць Ян Кабушэўскі атрымаў дзякуючы выступам у „Кабарэ Вольгі Ліпіньскай” і ў Кабарэ „Дудэк”.

Сама рэжысёрка Вольга Ліпіньска (Olga Lipińska) успамінае Яна Кабушэўскага, як выдатнага акцёра і добрага чалавека.

- Я лічу, што для яго не напісалі сапраўды вялікай ролі, як для Луі дэ Фюнэ ці Фернандэля. Гэта быў вялікі акцёр. Другога такога ў Польшчы хутка не будзе. Нашая праца складаная. Тут часта ўзнікаюць розныя канфлікты. Янэк быў такім чалавекам, які заўсёды ўсіх супакойваў.

Акцёр і рэжысёр тэатра „Камяніца” ў Варшаве Эміліян Камінскі (Emilian Kamiński), лічыць, што Ян Кабушэўскі быў легендай польскага тэатра.

- Я вельмі шкадую, што ён не напісаў кнігі пра акцёрства і пра свой велізарны досвед. Варта было б. Спадзяюся, што ўсё гэта будзе перададзенае наступным пакаленням у ягонай творчасці. А дасягненні ў яго вялікія.

Для віцэ-міністра культуры Яраслава Сэліна (Jarosław Selin) Ян Кабушэўскі быў, перш за ўсё, майстрам сатыры.

- Яна Кабушэўскага ўсе будуць памятаць як камедыйнага акцёра і акцёра кабарэ. За гэта мы ўсе яго любілі. Сваімі ролямі ён рассмешваў нас да слёз. Гэтага нам будзе не хапаць. Мала такіх людзей, з такім класам і вялікай культурай. Гэта быў арыстакрат польскай сатыры і кабарэ. Гэта вялікая страта для польскай культуры.

Сам Кабушэўскі ставіўся да прафесіі акцёра з павагай і пакорлівасцю. На пытанне пра поспехі ён у першую чаргу згадаў пра сям'ю.

- Я маю дваіх унукаў: Янэка і Мацека. Маю цудоўную дачку і вельмі добрую жонку. Гэта мой найважнейшы жыццёвы поспех. А прафесія? Я служу публіцы, якая з’яўляецца вельмі крытычным экзаменатарам. Калі я здаю гэты экзамен – значыць, усё ў парадку.

Нягледзячы на тое, што Ян Кабушэўскі часта выконваў камедыйныя ролі, выяўляючы цудоўнае пачуццё гумару, ён пераконваў, што ў паўсядзённым жыцці кіраваўся разважлівасцю.

- У штодзённым жыцці, дома я стараюся быць сур’ёзным. Тым не менш, я лічу, што нельга пазбягаць радасці і смеху. Усё гэта для людзей, толькі трэба гэтым разумна карыстацца. Я сам не ведаю, ці гэта ўмею.

Акрамя мастацкай працы, Ян Кабушэўскі прымаў удзел у грамадскіх мерапрыемствах, напрыклад, у 1989 годзе, перад чэрвеньскімі выбарамі, удзельнічаў у перадачах прафсаюза „Салідарнасць”. Разам са сваім калегам, акцёрам Янам Кацінякам (Jan Kociniak), ён прачытаў інструкцыю, як аддаваць галасы на выбарах.

- Выбарчшык, перад галасаваннем пазнаёмся, запомні, а найлепш запішы прозвішчы кандыдатаў „Салідарнасці.

Ян Кабушэўскі быў лаўрэатам многіх узнагарод. Між іншым, атрымаў Залаты медаль за заслугі перад культурай Gloria Artis, Медаль за доўгае сямейнае жыццё, а таксама тэлевізійную ўзнагароду Superwiktor. У 2012 годзе акцёр быў узнагароджаны Камандорскім крыжам з зоркай Ордэна адраджэння Польшчы.

У 2016 годзе Ян Кабушэўскі стаў лаўрэатам прэміі Цыпрыяна Каміля Норвіда (Cyprian Kamil Norwid) за жыццёвыя дасягненні. Ян Кабушэўскі адрозніваўся вялікай культурай і класам. Ён заўсёды паважаў людзей. У кожным тэатральным калектыве яго лічылі аўтарытэтам.

На працягу апошніх 37 гадоў працы, то бок да 2013 года, ён быў звязаны з варшаўскім тэатрам „Квадтар”. Тады ён вырашыў развітацца з гледачамі з-за пагаршэння стану здароўя. Тым не менш, тэатр ніколі не выкрасліў яго са спісу калектыву.

аз