Беларуская Служба

У пятніцу ў Вaршаве пачынаецца міжнародны музычны фестываль Eufonie

15.11.2019 14:27
Праграма згадвае пра дзве важныя гадавіны, якія адзначаюцца сёлета - 450 гадоў з моманту падпісання Люблінскай уніі і 200 гадоў з дня нараджэння С. Манюшкі.
Аўдыё
  • 15 лістапада ў Варшаве пачынаецца фестываль музыкі краін Цэнтральна-Усходняй Еўропы
Image:
Image: nck.pl

Сёння ў Варшаве пачынаецца маштабны Міжнародны фестываль музыкі дзяржаў Цэнтральна-Усходняй Еўропы. Культурная падзея ладзіцца другі раз, але з большым размахам, чым год таму. Сёлета на фестываль прыязджае на 140 больш музыкантаў, чым летась. Калі ў мінулым годзе перад публікай выступілі паўтысячы музыкантаў, то сёлета арганізатары запрасілі 640 музыкаў з 20 краін, якія выступяць падчас 15 канцэртаў.

Галоўны прынцып фестывалю – прадставіць музычныя дасягненні артыстаў з краін нашай часткі Еўропы, паказаць, што наша музыка развіваецца, прапануе новыя трэнды, – адзначае дырэктар фестывалю Рафал Вісьнеўскі (Rafał Wiśniewski).

- Мы хочам паказаць, што музыкантам з Цэнтральна-Усходняй Еўропы ёсць што прадставіць публіцы. Гэта як класічныя формы, так і гучанне больш у стылі мадэрн, для аматараў клубнай музыкі. Мы хочам, каб слухачы і музыканты бавіліся музыкай. Музыка – гэта эстэтыка, якая павінна быць нашым спадарожнікам у падарожжы. А гэтае падарожжа пачынаецца ў пятніцу ў 19.30 у Нацыянальнай філармоніі ў Варшаве.

Музыка Цэнтральнай і Усходняй Еўропы – гэта вельмі шырокае паняцце, якое ахоплівае шмат самых разнародных гуртоў ды стыляў. Пра гэтую разнароднасць гаворыць кіраўнік музычнай рэдакцыі Другой праграмы Польскага радыё Анджэй Сулэк (Andrzej Sułek).

- Гэта шырокае паняцце – музыка Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, якая прадстаўлена на фестывалі. Да яе адносіцца як музычная творчасць непасрэдна з нашай часткі Еўропы, гэта значыць, з Польшчы ды краін – яе суседзяў, так і з дзяржаў на поўнач ад нас. Стваральнікі фестывалю запрасілі на яго аўтараў і выканаўцаў са Скандынаўскіх краін, а таксама Балкан. Канцэрты фестывалю Eufonie адбываюцца як у канцэртных залах Варшавы, так і іншых месцах – у касцёлах, у Каралеўскім замку, а пераважную большасць з іх слухачы змогуць паслухаць у эфіры Другой праграмы Польскага радыё.

Падчас канцэртаў будуць граць і спяваць выканаўцы, між іншым, з Арменіі, Літвы, Латвіі, Малдовы, Балгарыі, Грузіі, Украіны ці Харватыі. На сцэнах фестывалю паявяцца салісты, гурты, а таксама цэлыя сімфанічныя аркестры. Акрамя Нацыянальнага сімфанічнага аркестру Польскага радыё выступіць аркестр Нацыянальнай філармоніі, Сінфонія Варсовія (Sinfonia Varsovia) i I, CULTURE Orchestra. Праграма фестывалю згадвае пра дзве важныя гадавіны, якія адзначаюцца сёлета. Гэта 450 гадоў падпісання Люблінскай уніі і 200 гадоў з дня нараджэння Станіслава Манюшкі.

Ці выступяць таксама беларусы, якіх непасрэдна датычылі гэтыя падзеі? Па словах Сыльвіі Блажэй (Sylwia Błażej) з Нацыянальнага цэнтру культуры, які ладзіць фестываль, сёлета на мерапрыемстве няма выключна беларускага калектыву, але беларускія музыканты ўдзельнічаюць у міжнародным праекце пад назваю I, CULTURE Orchestra, які аб’ядноўвае маладых выканаўцаў з розных краін.

- У I, CULTURE Orchestra ёсць музыканты з Беларусі. Гэта толькі асобныя музыканты, якія ўваходзяць у склад міжнароднага калектыву, паколькі ў праекце ўдзельнічаюць розныя музыканты з краін Цэнтральна-Усходняй Еўропы. Беларускі калектыў будзе ў будучым годзе, на 90%. Мы плануем праз год больш шырокі ўдзел беларусаў.

У сваю чаргу, закончыцца фестываль канцэртам «Рэквіем» Кшыштафа Пэндэрэцкага, які прагучыць у Базіліцы Найсвяцейшага Сэрца Ісуса ў Варшаве на вуліцы Кавэнчыньскай. Меркаваннем спевака Томаша Наканечнага (Tomasz Nakonieczny), аднаго з салістаў падчас канцэрту, касцёл з’яўляецца цудоўным месцам для выканання дадзенага твору.

- Творы Пэндэрэцкага, асабліва яго рэквіем, выдатна гучаць у касцельных мурах, у сакральнай прасторы. Рэквіем – гэта жалобная хрысціянская музыка, якая ўпісваецца ў царкоўнае богаслужэнне.

Фестываль музыкі краін Цэнтральна-Усходняй Еўропы Эўфоніе працягнецца да 23 лістапада. Нагадаю, яго ладзяць Нацыянальны цэнтр культуры і Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы. Партнёрам мерапрыемства з’яўляецца Польскае радыё.

нг