Беларуская Служба

З 22 па 24 лістапада адбудзецца ўжо сёмая акцыя «Уік-энд за паўцаны»

19.11.2019 15:08
Упершыню акцыя скіраваная таксама да замежных гасцей.
Аўдыё
.
.прэс-матэрыялы

Гэтая акцыя папулярызуе адпачынак і адначасова шырокую турыстычную базу ў Польшчы. Старшыня Польскай турыстычнай арганізацыі Робэрт Анджэйчык запрашае ўсіх выкарыстаць 50% скідкі на бліжэйшыя выходныя. З прапановамі больш за тысячу партнёраў можна пазнаёміцца на старонцы polskazobaczwiecej.pl.

- Пераважаюць прапановы начлегаў, такіх прапановаў больш за 40%. Я асаблівым чынам заахвочваю выбіраць турыстычныя пакеты – пачынаючы ад прапановы начлегу, таксама прапановы перавозкі, бо нашымі партнёрамі з'яўляюцца польскія авіялініі LOT, PKS Polonus i PKР Intercity. Гэта таксама розныя турыстычныя прапановы, напрыклад, паркі забаў, музеі, тэатры, ёсць спартыўныя аб’екты і спартыўныя падзеі. Дзякуючы гэтаму можна стварыць вялікую паўнавартасную прапанову і напэўна ніхто ў гэты ўік-энд не будзе нудзіцца.

У папярэдняй акцыі «Уік-энд за паўцаны», якая прайшла вясной бягучага году, удзел прыняло 180 тысяч удзельнікаў. Робэрт Анджэйчык гаворыць, што разам з ростам колькасці партнёраў расце колькасць палякаў, якія ўдзельнічаюць у акцыі:

- Таксама расце папулярнасць акцыі. Мы гэта бачым у першую чаргу ў сацыяльных СМІ. Калі набліжаецца тэрмін рэзервацыі, то, па-першае, выразна павялічваецца рух на серверах, а па-другое ў сацыяльных сетках актывізуюцца зацікаўленыя: пытаюцца, калі мы распачынаем рэзервацыю, а нават, ці ў акцыі будуць удзельнічаць канкрэтныя ўстановы. Акрамя таго, партнёры, якія далучаюцца да акцыі, самыя клапоцяцца пра тое, каб іх традыцыйныя кліенты даведаліся пра гэтую акцыю. Яны самыя яе рэкламуюць.

Акцыя «Уік-энд за паўцаны» праходзіць сёмы раз, але ўпершыню яна таксама скіраваная да іншаземцаў. Польская турыстычная арганізацыя запрасіла да ўдзелу ў акцыі турыстаў з Германіі, Чэхіі, Славакіі, Украіны, Расіі, Нарвегіі і Швецыі. Старшыня Робэрт Анджэйчык гаворыць, што пры прыняцці такога рашэння пад увагу былі ўзятыя галасы з турыстычнай галіны:

- Гэтая акцыя вельмі добра прыжылася ў краіне, а таму галіна хоча большага. Польскія прадпрыемствы, польскія гатэлі, прадстаўнікі іншых турыстычных аб’ектаў неаднаразова звярталіся да нас, каб пашырыць гэтую акцыю на замежжа. У першую чаргу гэта рэклама ў інтэрнэце, у сацыяльных сетках. У большасці суседніх краін Польская турыстычная арганізацыі мае свае ўласныя турыстычныя прадстаўніцтвы, якія вядуць гэтую рэкламу. Акрамя таго, гэта папулярызацыйная акцыі ў СМІ.

Робэрт Анджэйчык гаворыць, што ў першую чаргу – гэта папулярызацыйная акцыя польскай культуры і месцаў адпачынку:

- Мы не падыходзім да гэтага як да продажу, бо акцыя, з нашага пункту гледжання, скіраваная да галіны. Ёй карыстаюцца палякі, а цяпер змогуць гэта зрабіць і жыхары ўсіх суседніх краін. Мы перш за ўсё падыходзім да гэтай акцыі як да маркетынгавай кампаніі, бо яе галоўная мэта – прадаўжэнне турыстычнага сезону. У сувязі з гэтым было прынятае рашэнне, што гэта будзе канец лістапада. У мінулым годзе гэта быў кастрычнік. Прадстаўнікі гатэляў звярнуліся да нас з просьбай, каб перанесці акцыю на лістапад, калі кліентаў менш.

Робэрт Анджэйчык гаворыць, што пераважаюць сямейныя паездкі. Вельмі важна, што палякі ўсё больш падарожнічаюць па Польшчы:

- Прапанова, якую мы падрыхтавалі, раўнамерна падзеленая па ўсёй Польшчы. Канешне, ёсць такія рэгіёны як Малапольшча, якая запрапанавала больш партнёраў, але гэта нармальна, бо гэта традыцыйна турыстычны рэгіён. Многія чакаюць пачатку акцыі, таму самыя лепшыя месцы хутка знікаюць. Але, напэўна, можна знайсці прапановы ў кожным ваяводстве.

Акцыя «Уік-энд за паўцаны» праходзіць два разы ў год – восенню і вясной.


ав