Ноччу з чацверга на пятніцу на 70-ым годзе жыцця памёр славуты польскі кампазітар і музыкант Рамуальд Ліпка (Romuald Lipko).
Romuald Lipko
«Не так мела быць, зусім не так» – гэты сказ смела можна аднесці да падзей сённяшняй ночы, калі ў выніку невылечнай хваробы памёр выбітны польскі кампазітар і музыкант Рамуальд Ліпка. Яму было толькі 69 гадоў, мог бы яшчэ доўгія гады радаваць сваіх фанаў добрай музыкай і сваёй цёплай усмешкай.
Яшчэ пры жыцці прозвішча Рамуальда Ліпкі ўвайшло ў польскі музычны пантэон. Ён быў адным з важнейшых кампазітараў апошніх некалькіх дзясяткаў гадоў. Адзін з заснавальнікаў славутага гурту «Будка суфлёра» прайграў барацьбу з ракам. Ліпка напісаў музыку амаль да ўсіх хітоў рок-групы. Яго рукой былі напісаныя такія выдатныя песні, як «Такое танга», «Ёлька, Ёлька, памятаеш», «Цень вялікай гары». Прыдумваў музыку таксама для іншых вядомых выканаўцаў, між іншым, Анны Янтар, у тым ліку напісаў яе вялікі шлягер «Нічога не можа працягвацца вечна».
Cёння Рамуальда Ліпку ўспамінаюць яго добрыя знаёмыя, сябры, супрацоўнікі. Сярод вядомых выканаўцаў, з кім працаваў кампазітараў, быў таксама Ян Барысэвіч, які пяць гадоў граў у «Будцы суфлёра». І менавіта там ён напісаў свой вялікі хіт «Ніколі не вер жанчыне».
- Гэта для мяне быў пачатак новага шляху, праца ў прафесійным калектыве. І Рамуальд вельмі мне ў гэтым дапамог. Агулам «Будка суфлёра» была для мяне, гітарыста, добрай школай. Калі б не Рамуальд Ліпка, я б не напісаў свайго першага твору. Ён быў лідарам групы, і толькі ад яго залежала, ці я, гітарыст, змагу напісаць песню. Так што такіх навін (пра смерць) мы не павінны атрымліваць.
Цяжка сабе ўявіць польскую эстраду без песняў, напісаных пяром Рамуальда Ліпкі, – адзначае музычны дырэктар Польскага радыё Люблін Віктар Яхач.
- Першая і другая кружэлкі «Будкі суфлёра» – гэта новая веха ў польскай рок-музыцы. Пазней гурт крыху памяняць сваё амплуа, музычны стыль, але першыя два альбомы лічацца такімі магутнымі цаглінамі ў муры рок-музыкі.
Менавіта Ліпка быў аўтарам музыкі кампазіцыі «Цень вялікай гары», якая заняла вядучае месца ў конкурсе Польскага радыё на самую важную песню апошніх 95 гадоў. Нагадаю, у рамках адзначэння 95-годдзя Польскага радыё слухачы выбіралі самую важную для іх песню сярод 95 кампазіцый. Трэцяе месца ў кампазіцыі «Будкі суфлёра «Цень вялікай гары». Аўтар музыкі – Рамуальд Ліпка.
Люблінскі гурт «Будка суфлёра» даўно стаў ужо легендарным. Музыканты шэсць гадоў таму аб’явілі, што вырашылі закончыць сваю прыгоду з эстраднай музыкай і выйсці на пенсію. Тады шляхі вялікіх зорак гурту – вакаліста Кшыштафа Цугоўскага і кампазітара Рёамуальда Ліпкі – разышліся. Дарэчы, музыканты пад канец сваёй сумеснай дзейнасці канфліктавалі, Ліпка вырашыў заснаваць уласны гурт, акрамя таго, заняўся бізнесам, уклаў каля аднаго мільёна злотых у вытворчасць алкаголю. Сваю гарэлку ён назваў так, як называўся адзін з яго вялікіх хітоў – «Ёлька, Ёлька, памятаеш». Цяпер нам засталося толькі памятаць пра легендарнага кампазітара і слухаць напісаныя ім песні.
слухайце аўдыё, каб праслухаць фрагменты песняў, музыку для якіх напісаў Р. Ліпка/нг