Беларуская Служба

Чалавек, які не здрадзіў сваім перакананням

03.03.2020 16:03
У Польшчы выходзіць на экраны новы фільм, прысвечаны гісторыі легендарнага варшаўскага святара Яна Зеі.
Аўдыё
  • Рэжысёр Робэрт Глінскі распавядае пра новы фільм пра жыццё святара Яна Зеі
Кадр з фільму "Зея"Official trailer/ Screen z YouTube

Польскія кінематаграфісты знялі фільм пра гісторыю Польшчы. Яны ілюстравалі кінастужку жыццём аднаго чалавека – святара, які не скарыўся перад ціскам камуністычнай дыктатуры.

У Польшчы выходзіць на экраны новы фільм, прысвечаны гісторыі легендарнага варшаўскага святара, ксяндза Яна Зеі, які браў удзел у Варшаўскім паўстанні, быў капеланам скаўтаў з «Шэрых шэрагаў» ды адным з заснавальнікаў славутай апазіцыйнай структуры – Камітэту абароны рабочых, з якога потым вырасла Салідарнасць.

Незвычайны лёс ксяндза Яна Зеі ўвабраў у сабе ўсё самае важнае з польскай гісторыі ХХ-га стагоддзя. Польскае радыё паразмаўляла пра стужку з рэжысёрам Робэртам Гліньскім.

- Калі я атрымаў прапанову, каб зрабіць пра яго мастацкі фільм, а дагэтуль былі толькі дакументальныя стужкі пра ксяндза Зею, я не меў вялікага жадання. Бо гэта быў чалавек-помнік, амаль святы. Я падумаў, што гэта не герой для мастацкай стужкі, які павінен мець хвіліны слабасці, мець комплексы, пераломныя моманты і так далей. Тут жа быў крыштальнай чысціні чалавек. Потым я пабачыў, што гэта быў вельмі энергічны чалавек, моцны духам. Ён меў свае каштоўнасці, якія сутыкнуліся з вонкавым светам. Той свет быў вельмі розны, з чаго нараджаліся канфлікты. Гэта рухавік для кіно! Святар, крыштальнай чысціні чалавек, але бунтар. Ён меў свае каштоўнасці і бараніў іх да канца, не ішоў на ніякія кампрамісы.

Напрыклад? Можаце праілюстраваць гэта нейкай сітуацыяй з яго жыцця?

- Падчас вайны з бальшавікамі ён быў капеланам аднаго з аддзелаў Легіёнаў. Ён быў сведкам жудаснай разні, калі гінулі маладыя хлопцы з польскага боку, з савецкага таксама. Гэта быў для яго сапраўдны шок. Тады з’явілася яго вядомае казанне пад назвай «Не забівай ніколі нікога!». Ён звярнуўся з гэтым казаннем да жаўнераў падчас вайны. Гэта быў вельмі супярэчлівы крок, бо ішла вайна, трэба было змагацца, бараніць сваю краіну і забіваць. Ксёндз Зея казаў, што ёсць 5 запаведзяў і нельга забіваць. Гэта выклікала вялізарныя дэбаты. Так усё жыццё яго погляды былі насуперак большасці, ён моцна верыў у Евангелле і 10 запаведзяў. Потым Зея быў адзіным ксяндзом, які падтрымаў прымаса Вышынскага пасля яго арышту камуністычнымі ўладамі, ён не падпісаў згоду на супрацу, як зрабіла большасць біскупаў. Ён выступіў з казаннем пра гэта ў касцёле, што прывяло да выбуху скандалу. Ён увесь час бунтаваў.

Рэжысёр фільму заўважае, што жыццё ксяндза Зеі можа быць прыкладам для сённяшніх людзей.

- У дваццатыя гады ён пахаваў самагубцу на каталіцкіх могілках, што было забаронена кананічным правам. З іншага боку, гэта быў ксёндз з вялізарным духоўным патэнцыялам. Я думаю, для нас ён можа быць сапраўдным прыкладам. Нашая эпоха – гэта часы хаосу, грамадскага і духоўнага распаду. Мы ўвесь час сварымся, людзі ненавідзяць узаемна. Раптам мы бачым некага, хто спрабуе залагоджваць канфлікты, мірыць людзей, хто быў адкрыты. Ксёндз быў адным з сузаснавальнікаў Камітэту абароны рабочых. Гэта арганізацыя, якая з’явілася ў 1970-ыя гады і была апазіцыяй да тагачаснай улады. Усё жывыя сведкі тых падзей кажуць, што арганізацыя захавалася дзякуючы ксяндзу Зеі, бо ён нейтралізаваў усе спрэчкі, якія там былі.

Фільм выходзіць на экраны польскіх кінатэатраў 13 сакавіка. Быў ужо яго перадпрэм'ерны паказ у Рыме, Любліне. Як паставіліся да яго гледачы?

- Фільм вельмі падабаўся, выклікаў дыскусіі, бо ксёндз Зея меў такі характар, што нікога не пакідае абыякавым. Нават у касцёле цяпер ёсць падзеі, але ўсе святары абмяркоўвалі фільм. Мне здаецца, што асоба Зеі мае такі тэрапеўтычны ўплыў на людзей, што яны пачынаюць размаўляць пра духоўнасць, пра праўду, пра патрыятызм, пра каханне, пра прабачэнне. Нешта меў такое той ксёндз.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч