Беларуская Служба

Простыя словы. Сябры і знаёмыя выдаюць кнігу пра Міхала Анемпадыстава

10.03.2020 15:35
У Беларусі рыхтуецца да друку кніга ўспамінаў, здымкаў і твораў вядомага творцы Міхаіла Анемпадыстава.
Аўдыё
  • У Мінску рыхтуецца да выдяння кніга пра Міхала Анемпадыстава
Ініцыятыва па збору сродкаў на друк кнігі пра Міхала Анемпадыставаhttps://paypal.me/pools/c/8mGTlZNLcJ

Выданнем кнігі займаюцца сябры творцы, сродкі на друк збіраюцца краўдфандынгам. Неўзабаве ў Менску адбудзецца прэзентацыя кнігі.

Два гады таму пайшоў з жыцця вядомы беларускі дызайнер, графік, фатограф, паэт і перакладчык, аўтар «Народнага альбому» Міхал Анемпадыстаў. Для шматлікіх ягоных знаёмых гэта стала жахлівай навіной і вялізарнай стратай. Праз нейкі час нарадзілася ідэя выдаць кнігу. Паводле словаў ініцыятараў – гэтая ідэя вісела тады ў паветры. Больш за два гады над кнігай працавала каманда ініцыятараў: Ёлянта Кільян, Вольга Бабкова, Святлана Курс, Кася Камоцкая, Віктар Корзун. Яны збіралі ўспаміны, уражанні сяброў Міхала, знаёмых, аматараў яго творчасці.

Два гады таму свой тэкст пра Міхала Анемпадыстава напісала і намесніца старшыні Беларускага Пэн-цэнтра Тацяна Нядбай, якая больш шчыльна далучылася да кампаніі грамадскага збору сродкаў – краўдфандынгу.

- Калі Міхал сышоў, а ён быў у маладым веку, і гэта было вельмі нечакана, тады людзі пачалі выгаворваць свае эмоцыі ў сацыяльных сетках, на старонках СМІ. Сябры Міхала вырашылі сабраць сведчанні пра яго. Калі сыходзіць чалавек у немаладым веку, ён ужо паспявае набыць рысы легендарнасці ў грамадстве. Паспявае канцэптуалізавацца. Тут жа адышоў чалавек, які зрабіў вельмі шмат, фактычна канструяваў яе разам з іншымі, але яго не паспелі ўсвядоміць, як стваральніка, аднаго з кітоў, на якіх трымалася беларуская культура. Дзеля гэтага ўвасаблення, на маю думку, і з’явілася ідэя дадзенай кнігі. Каб прыяцелі, сябры, незнаёмцы, на якіх ён паўплываў, пачалі выказваць свае ўспаміны, згадкі пра Міхала, пра супрацу, сяброўства з ім. Такім чынам, кніга набыла неверагодную панараму больш чым 60 аўтараў, пар вачэй, якія глядзяць на Міхала. Такім чынам, ствараецца, адцяняецца ягоны партрэт.

60 аўтараў – гэта людзі з розных краін, яго сябры з Польшчы, Эстоніі, Канады, ды іншых закуткоў свету. У кнізе таксама сабраныя найважнейшыя творы Міхала, здымкі, у тым ліку ў кнізе будуць унікальныя рэчы. Распавядае адна з ініцыятарак праекту гісторык ды літаратарка Вольга Бабкова.

- Нехта з ягоных сяброў сказаў, што няхай бы лепш гэтай кнігі не было, а Міхал быў. Калі яго ня стала адчулі ўсе, яго сыход быў катастрофай. Неўзабаве нарадзілася ідэя кнігі. Людзі адгукнуліся. Мы звярнуліся да самых розных сяброў Міхала, усе пагадзіліся штосьці напісаць пра яго. Больш за 60 аўтараў. Дарэчы, сярод іх ёсць маладыя людзі, якія асабіста ня ведалі Міхала, але слухалі «Народны альбом» і ведалі яго як культурны код. Яшчэ там будуць фотаздымкі, у тым ліку вельмі рэдкія са школьных гадоў. Там будуць ягоныя працы. Кніга двухмоўная: па-беларуску і на польскай мове. Міхал вельмі любіў Польшчу. Дарэчы, яго імя – гэта сантымент да польскай культуры. Яшчэ будзе мапа, то бок усе топасы з ім звязаныя, што згадваюць ягоныя сябры. Кавярня ў Траецкім, рэстарацыя ў Вільні, майстэрня, завод, рэдакцыя. Гэтыя мясціны з розных гарадоў ды краін будуць пазначаныя на палях. Можна будзе проста прасачыць, пахадзіць сцежкамі Міхала, яго ценем.

Кніга выйдзе ў альбомным фармаце з мноствам здымак. Сродкі на яе выдачу збіраюцца праз краўдфандынг. Гэта было прынцыповае рашэнне, кажа Тацяна Нядбай.

- Мы прынцыпова не хацелі і не спрабавалі шукаць грант на выданне гэтай кнігі. Нам ідзецца пра тое, каб сябры Міхала, якім важна, каб гэтая кніга выйшла, самі яе выдалі. Мы ўдзячны усім, хто палічыць патрэбным падтрымаць нашу ініцыятыву.

Сярод тых, хто падтрымаў выданне, ёсць Амбасадар Польшчы ў Грузіі Марыюш Машкевіч. У сваім лісце польскі дыпламат напісаў, што трэба ўратаваць ад забыцця тое, што зрабіў Міхал для беларускай справы.

- З Міхалам Анемпадыставам я пазнаёміўся пры канцы 1990-ых гадоў, калі быў Амбасадарам у Мінску. Ён быў адным з ініцыятараў ды аўтараў вялікага праекту – Народны альбом. Ён зрабіў геніяльную рэч, калі сабраў ды паказаў на адной кружэлцы, у адным праекце, багацце папулярнай музыкі, тэкстаў, якія жылі ў шырэйшым кантэксце польска-літоўска-беларускага памежжа з элементамі іншых культур, шматкультурнасці, шматканфесійнасці Беларусі. Гэта было надзвычай цікава. За гэта мы павінны быць яму ўдзячныя.

Марыюш Машкевіч высока цэніць творчасць і асобу Міхала Анемпадыстава і рады, што далучыўся і падтрымаў ініцыятыву выдання кнігі, прысвечанай гэтаму беларускаму мастаку і артысту.

- Мы былі асабіста знаёмыя, ня раз сустракаліся па-сяброўску. Я вельмі яго шанаваў, і мяне моцна засмуціў факт ягонай смерці ў такім маладым узросце. Міхал быў таленавітым чалавекам, папулярызатарам беларускай культуры. Культуры з вялікай літары, якая можа заваяваць сэрцы шматлікіх еўрапейцаў, паказваючы, што Беларусь – гэта не засценак, не нецікавае месца, а наадварот беларуская культура можа шмат прыўнесці ў еўрапейскую культуру. Я вельмі ўзрадаваўся, калі даведаўся, што рыхтуецца да друку кніжка пра яго. Я далучыўся да збору сродкаў на рэалізацыю дадзенай ініцыятывы, заахвоціў сваіх сяброў і знаёмых, каб далучыліся да збоку сродкаў. На маю думку, вельмі важна не забыць пра Міхала Анемпадыстава, памятаць, што гэта быў вялікі чалавек, вялікі патрыёт Беларусі, вялікі сябра Польшчы ды вялікі еўрапеец.

Паводле словаў выдаўцоў, кніга на днях подзе ў друк, і засталося мала часу для жадаючых падтрымаць выданне і атрымаць першымі свой асобнік. Збор сродкаў працягваецца тут. Прэзентацыя кнігі запланавана на 5 красавіка падчас урачыстасці ўручэння прэміі імя М.Анемпадыстава за найлепшую вокладку для беларускай кнігі ў межах інтэлектуальнага фэсту «Прадмова».

Юры Ліхтаровіч