Калі выйдзем з цягніка на вакзале ў горадзе Бельска-Бяла, то ўбачым прыгожыя польскія горы Бэскіды. Аднак перад гэтым, як здабываць вяршыні гор, варта сесці ў маршрутку і накіравацца ў незвычайны горад – Вілямавіцы (Wilamowice). Першапачаткова ніякіх адметнасцяў і розніц заўважыць не ўдасца – звычайны гарадок. У ім пражывае каля трох тысяч чалавек, а самым вялікім аб’ектам з’яўляецца неагатычны касцёл 20 стагоддзя. Навокал - звычайныя крамы, маленькая плошча з будынкамі з 19 стагоддзя, далей - жылыя дамы праўдападобна з пасляваеннага перыяду. Аднак Вілямавіцы скрываюць адзін сакрэт - сваю незвычайную мову і культуру, якая развівалася на працягу стагоддзяў.
Хопіць увайсці ў адзін з двух рэстаранаў «Rogowa», размешчаных на галоўнай плошчы, адразу ж можна пачуць, што пастаянныя наведвальнікі ўстановы гавораць інакш, чым у падобных паселішчах Польшчы. Іх варыянт - гэта хутчэй за ўсё своеасаблівае спалучэнне вілямоўскай і польскай моў. Адкуль узялася такая адметнасць і як сёння жыхары Вілямавіцаў працягваюць сваю спадчыну?
Вяселле па-вілямоўску
Горад Вілямавіцы быў заснаваны ў 13 стагоддзі людзьмі, якія прыйшлі туды з сённяшніх Нідэрландаў. З таго часу ў Віламавіцах пачала развівацца своеасаблівая мова, якую сёння называем вілямоўскай. Яна ў ніякім выпадку не падобная на польскую, хаця і ўсе навокал гавораць па-польску. Яшчэ да другой сусветнай вайны ўсе ў горадзе гаварылі па-вілямоўску, але страшныя падзеі таго часу прычыніліся да заняпаду мовы. Паколькі нацысты палічылі вілямоўцаў немцамі, яны так і потым успрымаліся чырвонаармейцамі, якія вызвалялі горад у 1945 годзе. Пасля заснавання Польскай Народнай Рэспублікі вілямоўская мова была афіцыйна забароненай, таму што лічылася небяспечнай у дачыненні да новага рэжыму. Канешне, людзі не забылі пра яе, і тыя, хто жылі ў горадзе перад вайной, карысталіся сваёй мовай, але толькі дома і тады, калі не было ў акружэнні маладых. Чаму? Бо лічылася, што родная мова можа стаць цяжарам для дзяцей і стаць перашкодай у далейшым жыцці і кар'еры. Так, да 90-тых гадоў людзей, якія валодалі вілямоўскай, засталося ўсяго некалькі. Шчасліва ў 2003 годзе адзін з маладых жыхароў гораду Тыматэвуш Круль пачаў запісваць размовы з тымі, хто яшчэ жыў. З больш чым тысячы гадзін гутарак удалося стварыць граматыку, слоўнік, перакласці кніжкі, пісаць творы і нават увесці заняткі па вілямоўскай мове ў мясцовую школу. Гэта дало плён, і сёння, хоць усе і размаўляюць на польскай мове, то пачалі вывучаць і перш за ўсё ганарыцца сваёй мовай і спадчынай.
У гэтым годзе ў Вілямавіцах прайшоў чарговы Дзень роднай мовы, падчас якога можна было даведацца пра апошнія поспехі ў адраджэнні вілямоўскай мовы. Так, зараз даступны пераклад «Маленькага прынца» на вілямоўскую, перакладаюцца песні і ідуць спектаклі на лакальнай мове. Сярод удзельнікаў былі таксама вілямоўцы, з якімі Тыматэвуш Круль запісваў размовы з 2003 года, і дзякуючы якім сёння вядзецца актыўная дзейнасць у імя захавання мовы. Падчас святкавання вялася таксама дыскусія на тэму меншасцяў у Польшчы, іх сітуацыі і праблемаў. Акрамя жыхароў гораду ў святкаванні прысутнічалі прадстаўнікі іншых меншасцяў Польшчы, у тым ліку сілезцаў і кашубаў, а з канцэртам выступіў лэмкаўскі фольк-гурт «н’лем folk», які выканаў некалькі песень у сучаснай аранжыроўцы.
Гаворыць адна з удзельніц моўнага свята:
- Гэта не першы дзень роднай мовы, які святкуем у Вілямавіцах, але кожны выглядае па-іншаму. Такія мерапрыемствы паказваюць адметнасць вілямоўскай культуры і тое, што менавіта ў гэтым заключаецца багацце гораду і яго моц. Вілямоўская мова будзе трываць так доўга, як будуць жыць тут людзі, якім яна блізкая.
Падчас свята адбылася гістарычная прэзентацыя перакладу самай перакладанай кнігі ў свеце – “Маленькага Прынца”. Адбыўся таксама спектакль паводле свежа перакладзенай кніжкі, мы запыталіся пра ўражанні выканаўцу галоўнай ролі, Сонію Пшыбытак(Sonia Przybytek):
- Для мяне было вялікім выклікам – граць ролю Маленькага прынца найперш таму, што вілямоўскія словы не лёгкія ў вымаўленні, але мне вельмі прыемна, што я магла выконваць галоўную ролю. Я вельмі радая, што магу прымаць удзел у адраджэнні мовы. У нашай школе ёсць адзін урок вілямоўскай мовы на тыдзень, усе ахвотна на іх прысутнічаюць. Мы стараемся штодзённа карыстацца нашай мовай, нават калі гэта будзе адно ці два словы.
Вілямоўская моладзь
Святкаванне завяршыў выступ лэмкаўскага фольк-гурта «н’лем folk», які выканаў некалькі песень у сучаснай аранжыроўцы. Пра дзейнасць ў захаванні лэмкаўскай культуры мы пагаварылі з Дар’яй Кузяк, адной з удзельніц гурта:
- Мы прыехалі з Уроцлава, выконваем лэмкаўскую музыку ў сваёй уласнай аранжыроўцы, стараемся захоўваць нашу культуру. Але адначасова мы хочам яе развіваць, ствараць нешта новае, бо мы - прадстаўнікі лэмкаўскай моладзі. Тут, на Дню роднай мовы, мы змаглі паказаць сваю адметнасць, тое, што хоць мы і жывем у Польшчы, то маем аднак сваю культуру, сваю мову і хочам працягваць традыцыі. Мы радыя, што маглі прыехаць сюды, даведацца нешта новае пра вілямоўскую культуру, таму што раней мы амаль нічога пра яе не ведалі, а зараз будзем імкнуцца да таго, каб даведвацца больш і больш.
Табліца з інфармацыямі пра Вілямавіцы ў цэнтры горада
Акрамя вілямоўцаў мовай валодае некалькі людзей не звязаных з горадам. Адным з іх з’яўляецца Павел Шутаў, нараджэнец Санкт-Пецярбурга, які даследуе мовы ўсіх польскіх меншасцей. Мы запыталіся ў яго наколькі складана вывучыць вілямоўскую:
- Вывучыць яе сапраўдны складана, тым больш, калі параўнаць вілямоўскую мову з іншымі вялікімі мовамі, напрыклад, з польскай, на якой гаворыць больш за 30 мільёнаў людзей, альбо рускай, на якой гаворыць больш за 140 мільёнаў, і гэтак далей. Першае, што варта ўлічыць – гэта адсутнасць матэрыялаў для вучобы. Але калі мы ведаем, дзе іх шукаць, то нам удасца знайсці граматыку, практыкаванні, аўдыё. Сапраўдная складанасць - гэта знайсці матэрыялы, калі ты яшчэ не пазнаёміўся з людзьмі, якія тут жывуць і займаюцца адраджэннем мовы. Нават мне, - а ў мяне шмат сяброў сярод адраджэнцаў вілямоўскай мовы, - некаторыя матэрыялы даходзяць пасля году пасля іх публікацыі. Другая складанасць пры вывучэнні вілямоўскай - гэта факт, што няшмат людзей гаворыць на гэтай мове. Гэта значыць, што калі нам патрэбная моўная практыка, то трэба моцна старацца, каб знайсці суразмоўцу. Тут два варыянты: або кантактавацца з адраджэнцамі, якія ўвесь час занятыя працай, або са старэйшым пакаленнем, у якога часта няма інтэрнэту, і для таго, каб паразмаўляць, прыдзецца ехаць у Вілямавіцы.
Каб даведацца больш – слухайце аўдыёфайл
Альберт Ежы Вяжбіцкі