Акцёры Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы і Беластоцкага драматычнага тэатру імя Аляксандра Венгеркі сёння а 19-й гадзіне паводле польскага часу (20-я часу беларускага) правядуць супольнае чытанне «Пана Тадэвуша» Адама Міцкевіча. За беларуска-польскім тэатральным праектам можна будзе сачыць у «Фэйсбуку». Мерапрыемства прымеркаванае да Дня польскага тэатру і 100-годдзя Купалаўскага тэатру.
Дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы Павел Латушка сказаў карэспандэнту Польскага радыё, што сёлета іх установа запланавала шмат супольных мерапрыемстваў з партнёрскімі тэатрамі ў розных краінах Еўропы, аднак планы прыйшлося адкласці з-за эпідэміі каранавіруса. Латушка падзякаваў Польскаму інстытуту ў Мінску за падтрымку ў арганізацыі анлайн-мерапрыемства з беластоцкімі калегамі.
Былы міністр культуры Беларусі і пасол у Польшчы і Францыі сказаў, што чытанне вядомага твору Адама Міцкевіча адбудзецца ўжывую: беларускія артысты будуць чытаць твор па-беларуску, а польскія – у арыгінале. Павел Латушка таксама зазначыў, што «Пан Тадэвуш» ужо шэсць гадоў з поспехам іграецца на сцэне Купалаўскага тэатру.
вс