У гэтай перадачы "Музычны ўрок польскай мовы" я сёння вярнуся да творчасці адной з маіх самых любімых польскіх музыкантак – Рэнаты Пшэмык (Renatа Przemyk). Яе песні ўжо гучалі ў нашым эфіры, але яе творчасць на столькі цікавая ды небанальная, што ніколі яе не бывае шмат. Перад тым, як яна пачне спяваць, я хацела б прадставіць кароткую інфармацыю на тэму біяграфіі выканаўцы. Нарадзілася Рэната Пшэмык у лютым 1966 г. у горадзе Бельска-Бяла на поўначы Польшчы. Музычную кар’еру пачала ва ўзросце дваццаці двух гадоў на Студэнцкім фестывалі песні ў Кракаве. З 1990 года яна выступае самастойна на сцэне, а раней на працягу года спявала разам з музычным калектывам пад назваю Ya Hozna. Запісала дзесяць кампакт-дыскаў, у тым ліку адзін з музыкай да тэатральнага спектаклю «Баладына» у Балтыйскім драматычным тэатры ў Кашаліне.
Нядаўна выйшла новая кружэлка выканаўцы, з нагоды трыццацігоддзя сцэнічнай дзейнасці. Гэта выключна важны для Рэнаты, юбілейны кампакт-дыск, у склад якога ўвайшлі самыя вялікія хіты артысткі, але некаторыя ў новай аранжыроўцы і ў новых дуэтах. Разам з Рэнатай Пшэмык спяваюць, між іншым, Адам Новак, Чэслаў Мозіль, Джон Портэр, Войцех Ваглеўскі, Ігар Гербут ды іншыя вядомыя ў Польшчы музыканты.
Агулам у запісе дыску, акрамя самой аўтаркі, прыняло ўдзел трынаццаць мужчын. Па словах самой Рэнаты Пшэмык, з кожным з іх супраца была выдатнай, але з кожным трэба было спяваць інакш, падбіраць іншую інтанацыю, рытм. «Для мяне гэта было сентыментальнае падарожжа, але з прыгодамі, – распавядала Рэната ў эфіры Польскага радыё. – Гэта песні, якія запісваліся на працягу трыццаці гадоў, я даказала, што яны не старэюць, але пры нагодзе, яны атрымалі новае, часам лепшае гучанне».
А я прапаную вашай увазе песню ў выкананні Рэнаты Пшэмык і Ігара Гербута, якая называецца «Kochana».
Nie muszę pytać czy otworzysz,
Bo wiem, że jeśli zjawię się to w progu będziesz stać.
I zdejmę płaszcz podszyty lękiem,
Gdy przy mnie i przy nikim więcej
Twoja jasna twarz
Dajesz mi niepokorne myśli i niepokoje
Tyle ich wciąż masz, kochana.
Nie myśl, że nie miniemy nigdy się,
Choć łatwiej razem iść pod wiatr.
Podtrzymywałaś moja głowę,
Nie roztrzaskałem skroni o podłogę, póki co...
Przed snem wypowiedz moje imię,
Przybędę wraz ze świtem
Proszę, nie śpij, jestem już.
Мне не трэба пытаць, ці ты адчыніш. Бо я ведаю, што калі я паяўлюся, то ты будзеш стаяць на парозе. І здыму плашч, падшыты бояззю, калі пры мне і пры нікім больш твой ясны твар.
Ты даеш мне непакорлівыя думкі і занепакаенне. Столькі іх усё яшчэ ў цябе, дарагая. Не думай, што мы ніколі не размінёмся, хаця прасцей разам ісці насустрач ветру.
Ты падтрымлівала маю галаву, я не разбіў скроні аб падлогу, пакуль што... Перад сном скажы маё імя. Я прыбуду разам са світанкам. Калі ласка, не спі, я ўжо тут.
Jeśli zjawię się – калі я паяўлюся, калі я з’яўлюся. Гэты польскі дзеяслоў, думаю, зразумелы для ўсіх, хто ведае беларускую мову, паколькі беларускае і польскае слова вельмі падобныя. Аднак існуе ў польскай мове аднакарэнны выраз, які гучыць практычна таксама, як на беларускай мове, але азначае нешта іншае. Гаворка ідзе пра слова «з’ява». Па-польску гэта азначае «прывід». Такім чынам, значэнне зусім іншае, чым беларускай «з’явы». А беларуская «з’ява» – гэта ў Польшчы zjawisko.
Płaszcz podszyty lękiem – плашч, падшыты бояззю. Як правіла вопратку падшываюць цёплай падкладкай, каб яна лепш ахоўвала ад халадоў, а ў песнях плашч можа быць падшыты чым заўгодна, у дадзеным выпадку – бояззю. Нагадваю, што ў польскай мове ёсць розныя словы, якія называюць страх, яны нясуць розны эмацыйны зарад. Сам страх – даволі нейтральнае слова, якое называе стан, калі хтосьці чагосьці баіцца. Ёсць таксама lęk – гэта такі невялікі страх, а хутчэй боязь. А вось przerażenie – гэта вялізны страх, а нават жах, калі адзіная думка – уцячы.
Tyle ich masz, kochana – у цябе іх столькі, дарагая, або каханая. Трэба сказаць, што для палякаў выраз kochana, kochany можа адносіцца не толькі да чалавека, у якога хтосьці закаханы. Так могуць звяртацца нават амаль што незнаёмыя людзі, па прынцыпу беларускага «дарагі, дарагая, даражэнькія».
Iść pod wiatr – ісці насустрач ветру, ісці пад вецер. Як правіла гэтае словазлучэнне ўжываецца ў пераносным значэнні – мець нейкія цяжкасці, перажываць складаны перыяд у жыцці.
нг