Беларуская Служба

Ц існуюць універсальныя прынцыпы эфектыўных моўных зносінаў?

04.10.2020 15:31
Мова зносінаў адрозніваецца ў залежнасці ад таго, у якой сітуацыі ёй карыстаюцца.
Аўдыё
  • Якой павінна быць эфектыўная мова зносінаў?
Ілюстрацыйны здымакфота: geralt/pixabay.com/CC0

На гэты раз у перадачы «Польская мова без межаў» мы паразважаем пра ўніверсальныя прынцыпы эфектыўных моўных зносінаў.

Ці існуюць агульныя прынцыпы, якія неабходна выконваць, каб наша мова была зразумелай для іншых, каб нас слухалі і да нас прыслухоўваліся? Госць Польскага радыё – мовазнаўца з Варшаўскага ўніверсітэту Агата Хонця (Agata Hącia). Ці ёсць універсальнае правіла, якое дазваляе наладзіць добры моўны кантакт з іншымі людзьмі?

-Гэтае правіла гучыць: «Думаць». Думаць перад тым, як нешта сказаць. Канешне ж, нашы выказванні гучаць па-рознаму, у залежнасці ад таго, што мы гаворым і да каго звяртаемся. І менавіта ад усіх гэтых умоваў залежыць, якія словы неабходна падбіраць, каб кантакт быў добры. У глыбіні добрай камунікацыі заўсёды ляжыць нейкі план. Добра было б, каб той, хто гаворыць, памятаў, да каго ён звяртаецца, з якой мэтаю і што ён хоча яму перадаць. Так што слоўны слой – гэта паверхня, а ў глыбіні знаходзяцца думка, план і мэта выказвання.

Мова зносінаў адрозніваецца ў залежнасці ад таго, у якой сітуацыі ёй карыстаюцца. Іншыя словы мы ўжываем, іншыя канструкцыі сказаў будуем, калі знаходзімся, напрыклад, на працы, выконваем сваю прафесійную ролю, а іншыя ў нефармальнай абстаноўцы, падчас сустрэчы з сябрамі.

- Калі б мы з вамі ды кожны з нашых слухачоў сустрэліся пасля працы з сябрамі, знаёмымі, то мова зносінаў была б іншай. Паявілася б шмат экспрэсіўных выразаў, гутарковай мовы, такіх словаў, якія людзі прыдумваюць, ствараюць у адносінах з блізкімі людзьмі. Скажам, у групе блізкіх сяброў існуюць выразы, якія разумеюць толькі тыя, хто належыць да гэтай групы. І падчас сяброўскай вечарыны шмат такіх словаў, на маю думку, паявілася б, але на працы такой мовай мы б не карысталіся.

Пра эфектыўнасць моўных зносінаў мы гаворым, калі людзі разумеюць, з якой інфармацыяй да іх звяртаецца іншая асоба. Эфектыўны моўны кантакт – гэта перадача інфармацыі і зразуменне яе значэння. У грамадскім кантэксце моўная камунікацыя лічыцца важнай сацыяльнай функцыяй, дзякуючы якой людзі могуць не толькі перадаваць інфармацыю, але таксама выражаць сябе, заспакойваць важныя патрэбы – блізасці, прыналежнасці, бяспекі. Гэты працэс праходзіць на розных узроўнях, з выкарыстаннем розных сродкаў. Моўныя зносіны з’яўляюцца аб’ектам даследавання спецыялістаў са шматлікіх галін навукі: псіхолагаў, сацыёлагаў, філосафаў, лінгвістаў, палітолагаў, этнографаў, прадстаўнікоў навукі аб упраўленні.

Якім чынам будаваць вербальную сувязь, каб слухач нас не толькі зразумеў, але таксама каб перайшоў, так сказаць, на наш бок, каб заваяваць яго давер. З аднаго боку простая мова, магчыма, дапаможа збудаваць паразуменне, але з іншага боку, нельга перасячы мяжу фамільярнасці.

- Так. Гэта тонкая справа. Калі, дзякуючы падбору адпаведных словаў, мы неяк наблізімся да слухача, то наш уплыў на яго можа быць больш эфектыўны, нам удасца яго ў нечым пераканаць. Але, з іншага боку, такая блізасць не ўсім падабаецца, трэба памятаць, каб не перайсці мяжы асабістага камфорту і добрага самаадчування слухача. Сітуацыю можна параўнаць з фізічным кантактам. Ёсць людзі, якія падыходзяць вельмі блізка да іншых, калі размаўляюць, і для іх такі блізкі кантакт – нармальная рэч, але той чалавек, да якога нехта набліжаецца, можа адчуваць дыскамфорт, паколькі нехта парушыў яго асабістую мяжу. Словы могуць выклікаць падобны эфект. Неабходна памятаць, каб не перасячы гэтую мяжу і не параніць кагосьці словам.

Якім чынам мы пераключаемся на розныя моўныя коды, у залежнасці ад сітуацыі? Скажам, інакш мы гаворым, калі афармляем нейкае фармальнае пытанне ў дзяржаўным ведамстве, інакш – ідучы па газету ў кіёск, а яшчэ інакш, калі размаўляем з сябрамі ці сваякамі.

- Гэта натуральная справа. Калі мы ўмеем гэтыя коды пераключаць, вельмі добра. Па-першае, важна памятаць, што існуюць розныя коды, па-другое, іх ведаць, і, па-трэцяе, умець іх пераключаць. Іншымі словамі, умець мяняць нашу мову ў залежнасці ад сітуацыі.

Якое значэнне для моўных зносінаў маюць такія элементы, як акцэнт, інтанацыя, тэмп мовы. Ці заўсёды неабходна гаварыць вельмі старанна і памятаць пра тое, каб мова была багатай і правільнай?

- Гэта далёка не простае пытанне. Канешне, ва ўсіх падручніках напісана, што неабходна клапаціцца пра тое, каб мова была правільнай, каб яе тэмп ды інтанацыя былі размеранымі. З аднаго боку гэта правільна, трэба памятаць пра такія рэчы, але ўявіце сабе, што ў групе падлеткаў, якія размаўляюць на вельмі простай гутарковай мове, з элементамі жаргону, хтосьці раптам пачаў гаварыць як падчас афіцыйнага выступлення з ідэальнымі паўзамі, інтанацыяй, вышуканымі словамі. Гэта гучала б штучна, ненатуральна. Так што ў некаторых асяроддзях неабходна сысці з гэтага моўнага п’едэсталу і размаўляць на больш гутарковай мове, каб яна лепш успрымалася.

Ці магчыма навучыцца правільна і прыгожа гаварыць, ці гэта выключна дар ад прыроды?

- Можна гэта трэніраваць. Аднаму чалавеку трэба больш часу на такую трэніроўку, іншаму – менш, але нельга сказаць, што калі нехта не ўмее гаварыць, то ўсё страчана. Заўсёды ён можа палепшыць сваю мову, і варта гэта рабіць, варта памятаць пра існаванне розных моўных сродкаў, якія даюць магчымасць пераканаць кагосьці ў нашай рацыі.

Пра магчымасці правільнай ды эфектыўнай камунікацыі мы размаўлялі з мовазнаўцай Агатай Хонцяй з Варшаўскага ўніверсітэту.

Пшэмыслаў Павэлэк/нг