1 сакавіка адбудзецца прэзентацыя альбома «Экспедыцыя Вацлава Ластоўскага 1928 году». У выданне ўвайшло каля 300 фотаматэрыялаў, сабраных падчас этнаграфічнай экспедыцыі пад кіраўніцтвам акадэміка Вацлава Ластоўскага на Мазыршчыну і Случчыну.
Трагічны лёс напаткаў удзельнікаў гэтай экспедыцыі. Карнікі з НКУС жорстка расправіліся з ягонымі ўдзельнікамі, а памяць пра альбом паспрабавалі знішчыць. Толькі дзякуючы мужнасці пэўных асобаў альбом з унікальнымі фотаздымкамі ўдалося захаваць і ў чэрвені 1944 года быў вывезены і цяпер захоўваецца ў Беларускай бібліятэцы імя Францішка Скарыны ў Лондане. Доўгі час альбом быў невядомы шырокаму колу чытачоў. І вось цяпер выданне пабачыла свет. У альбоме знаходзяцца ўнікальныя фотаздымкі, якія паказваюць жыццё беларусаў да калектывізацыі.
Вацлаў Ластоўскі – беларускі грамадскі і палітычны дзеяч, пісьменнік, гісторык, філолаг, літаратуразнавец, этнограф, акадэмік Беларускай акадэміі навук. Расстраляны ў 1938 годзе.
Уратаваны альбом «Экспедыцыя Вацлава Ластоўскага 1928 года» цяпер даступны шырокай аўдыторыі. У тым ліку і ў Беластоку. Альбом суправаджае навуковы артыкул мастацтвазнаўцы Вольгі Лабачэўскай, якая будзе прысутнічаць на прэзентацыі.
Выданне прывязе выдавец і стваральнік беларускага выдавецтва ў Лондане «Скарына» Ігар Іваноў. Падчас прэзентацыі альбому будзе магчымасць убачыць рэканструкцыі строяў рэгіёна экспедыцыі. Майстрыха Кацярына Ваданосава прадставіць рэканструкцыю калінкавіцкага строю.
Прэзентацыя альбома адбываецца ў масленічны перыяд, таму арганізатары запрашаюць наведаць мерапрыемства з дзецьмі, якіх чакаюць майстар-класы. Мерапрыемства будзе суправаджаць музыка ад капэлы з Варшавы «Бліска», якая грае традыцыйную беларускую музыку. Таксама можна будзе наведаць этнаграфічную выставу Падляшскага музею народнай культуры.
Месца і час прэзентацыі: 1 сакавіка, 13.00. Падляшскі музей народнай культуры, ul. Leśna 7, 16-010 Wasilków. Уваход на мерапрыемства брамай каля будынка Двор з Бобры Вялікай. Уваход вольны.
Падляшскі музей народнай культуры/ав