Беларуская Служба

«Маляўкі» аднаго з герояў антыкамуністычнага падполля пасляваеннай Польшчы – сімвал сёлетняга Нацыянальнага Дня «выклятых жаўнераў»

27.02.2025 14:01
Музей горада Астралэнка пакажа рэчы антыкамуністычнага ваяра, якога прапануюць бэатыфікаваць.
Аўдыё
  • Нацыянальны дзень памяці «выклятых жаўнераў»
Падпалкоўнік Лукашам Цяпліньскім псеўданім «Плуг»Autorstwa Lowdown - Muzeum Okręgowe w Rzeszowie (http://www.rzeszow.pl/miasto-rzeszow/historia/rzeszowskie-tradycje-wojskowe), CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=30994861

Навуковая канферэнцыя, рэжысёрскі кінапаказ, аўтарская сустрэча, перадача новых экспанатаў у музей, прабег памяці, мультымедыйныя прагляды, спаборніцтвы па стральбе, інсцэніроўка, канцэрт вядомай джазавай спявачкі і бясплатны ўваход на пастаянную выставу музея - гэта толькі частка мерапрыемстваў, якія адбудуцца ў гэтыя выходныя ў гарадку Астралэнка (Ostrołęka) ў рамках святкавання Нацыянальнага дня памяці «выклятых жаўнераў».

1 сакавіка мы адзначаем Нацыянальны дзень памяці «выклятых жаўнераў» - свята, прысвечанае памяці жаўнераў польскага антыкамуністычнага і незалежніцкага падполля, якія пасля заканчэння Другой сусветнай вайны не здалі зброі і працягвалі барацьбу з савецкім акупантам.

Сімвалічным завяршэннем антыкамуністычнага ўзброенага супраціву лічыцца смерць Юзэфа Франчашка псеўданім «Лялек», які загінуў у барацьбе з камуністамі ў канцы кастрычніка 1963 года. Аднак на практыцы да канца існавання Польскай Народнай Рэспублікі многія падпольшчыкі хаваліся пад фальшывымі імёнамі па ўсёй краіне ад пераследу з боку Службы бяспекі.

Дата Нацыянальнага дня памяці «выклятых жаўнераў» - 1 сакавіка была выбрана невыпадкова, кажа дырэктар Музея «выклятых жаўнераў» у горадзе Астралэнка Яцэк Карчэўскі(Jacek Karczewski):

- Гэта дата выканання смяротных прысудаў супраць членаў 4-й управы Аб’яднання «Свабода і незалежнасць», то бок прадаўжальнікаў барацьбы Арміі Краёвай. Сярод іх быў таксама падпалкоўнік Лукаш Цяпліньскі, псеўданім «Плуг»(ppłk. Łukasz Ciepliński, ps. «Pług»).

Менавіта адным з важнейшых пунктаў сёлетняга святкавання Нацыянальнага дня памяці «выклятых жаўнераў», арганізаванага музеем у горадзе Астралэнка будзе афіцыйная перадача памятных рэчаў «Плуга». Падпалкоўнік Лукаш Цяпліньскі - гэта незвычайная постаць у сучаснай гісторыі Польшчы. Вайсковец вылучыўся яшчэ падчас Вераснёвай кампаніі, за што быў павышаны ў званні і адзначаны ордэнам Virtuti Militari - вышэйшай ваеннай узнагародай Польшчы:

- Ён працягваў змагацца ад пачатку вайны. Спачатку ў рамках Саюза ўзброенай барацьбы, затым Арміі Краёвай; камандаваў рознымі структурамі на Жэшaўшчыне і Падкарпацці, каб урэшце стаць членам камандавання Аб’яднання «Свабода і незалежнасць» -  канчаткова кіраўніком 4-й управы згаданай арганізацыі.

Падпалкоўнік Лукаш Цяпліньскі быў арыштаваны Службай бяспекі ў 1947 годзе ў гарадку Забжэ ў Сілезіі. Жорсткае следства супраць яго і ягоных супрацоўнікаў вялося пад непасрэдным наглядам НКВД:

- Спачатку была турма ў горадзе Катавіцы, пазней Кракаве, нарэшце, ён быў перавезены ў катоўню на вуліцы Ракавецкай у варшаўскім раёне Макотаў. Следства супраць яго доўжылася тры гады і было надзвычай жорсткім.

14 кастрычніка 1950 года падпалкоўнік Лукаш Цяпліньcкі быў прысуджаны адначасова да пяці смяротных прысудаў і 30 гадоў турмы дадаткова. Прысуд былі прыведзены ў выкананне 1 сакавіка 1951 года:

- Асаблівы падыход да жыцця і маральная пазіцыя, якой вылучаўся Лукаш Цяпліньскі, прычыніліся да таго, што некалькі гадоў таму быў ініцыяваны ягоны беатыфікацыйны працэс. Гэта надзвычайнага справа, бо такіх вайскоўцаў вельмі мала. Лукаша Цяпліньскага ганьбілі некалькі дзясяткаў гадоў; спрабавалі сцерці з памяці. Зараз ён з’яўляецца героем антыкамуністычнай падпольнай барацьбы, але яго парэшткі, як і парэшткі яго многіх калегаў, дагэтуль не былі знойдзеныя.

З часу зняволення ў варшаўскай катоўні захаваліся маляўкі падпалкоўніка Цяпліньскага. «Маляўка» – гэта нелегальна перададзены на свабоду ліст ад вязня. Кароткія сакрэтныя інфармацыі былі адрасаваныя, у тым ліку, сям'і. Гэта былі апошнія звесткі за некалькі месяцаў да яго пакарання.

Між іншым, дзве такія маляўкі ў музей у горадзе Астралэнка перадала школа імя Лукаша Цяпліньскага ў Жэшаве. І вось 1 сакавіка адбудзецца іхная афіцыйная прэзентацыя:

- Сярод экспанатаў таксама фотаздымкі, ваенныя дыпломы, пацвярджэнне гібелі, канспіратыўныя ўлёткі, якія выдаваліся Жэшаўскай акругай Арміі Краёвай або Аб'яднаннем «Свабода і незалежнасць». Аднак сярод іх, несумненна, самыя каштоўныя дзве маляўкі напісаныя Лукашам Цяпліньскім. З іх вынікае, што ён рыхтаваўся да смерці. Гэта маляўкі вядомыя ў гістарычнай літаратуры, але зараз мы зможам паказаць іх шырэйшай публіцы. Важна таксама тое, што дзякуючы супрацоўніцтву многіх адмыслоўцаў удалося «дэкадаваць» змест адной маляўкі Цяпліньскага, якой раней не атрымлівалася прачытаць. Гэта наш уклад у нацыянальную спадчыну. У гістарычнай літаратуры гэты тэкст фіксуецца як нечытэльны, а дзякуючы выкарыстанню сучасных метадаў зараз яго ўдалося прачытаць.

Атрыманыя музеем маляўкі падпалкоўніка Лукаша Цяпліньскага, адрасаваныя жонцы:

- Гэтыя маляўкі, якія мы атрымалі, адрасаваныя, перш за ўсё, яго жонцы Ядвізе, якую ён называў Вісяй. У іх ён просіць у жонкі прабачэння, за цяжар і праблемы, з якімі ёй прыйдзецца справіцца. Ён, быццам бы, ужо разумеў, што не выжыве; што яго неўзабаве заб'юць. Між тым, іншыя маляўкі Цяпліньскага – гэта сведчанне яго маральнасці, яго падыходу да барацьбы, да будучыні, да Польшчы, да Радзімы і да сям'і. Многія з гэтых сакрэтных лістоў былі адрасаваныя сыну Анджэю, які практычна не меў магчымасці пазнаёміцца са сваім бацькам. Цяпліньскі пісаў таксама сваім сябрам, сваім таварышам па зброі, падкрэсліваючы неабходнасць працягвання барацьбу ў духу аднаўлення незалежнасці і працягвання канкрэтных каштоўнасцей.

Маляўкі, запісаныя алоўкам на папяроснай паперы, пакідалі турму рознымі спосабамі. Напрыклад, Цяпліньскі хаваў іх у швах, зробленай з турэмнай прасціны, хусткі, якую потым удалося вынесці за турэмныя муры і перадаць сям’іі. Часам іх выносілі сувязні:

- Проста, калі сукамернік пакідаў турму і меў такую магчымасць, то забіраў з сабой маляўкі. Мы таксама ведаем пра выпадак, калі маляўкі пакінулі турму толькі пасля многіх гадоў, калі адзін з сукамернікаў выйшаў на волю. Некаторыя з гэтых сакрэтных лістоў удалося перадаць жонцы Ядвізе і таму яны захаваліся. Частку пазней захоўвала жонка сына, Анджэя… Цяпер  мы атрымліваем дзве маляўкі, якія будуць паказвацца на выставе ў нашым музеі.

- распавёў дырэктар Музея «выклятых жаўнераў» у горадзе Астралэнка Яцэк Карчэўскі.

Падрыхтаваныя Музеем «выклятых жаўнераў» у горадзе Астралэнка мерапрыемствы пачнуцца ў пятніцу 28 сакавіка адкрыццём выставы: «Будзем ісці верна. 5-я Віленская брыгада Арміі Краёвай. Беластоцкая вобласць у 1945 годзе”, а таксама навуковай канферэнцыяй: «А ў Польшчы надалей вайна... Незалежніцкае падполле ў 1945 г. Людзі, структуры, дзейнасць», суарганізатарам якой з’яўляецца Аддзяленне ІНП у Беластоку. Дзень закончыць аўтарскі паказ рэжысёрскай версіі фільма «З крыві і косці» Славаміра Гурскага.

1 сакавіка пасля набажэнства адбудзецца ўрачыстае святкаванне Нацыянальнага Дня памяці «выклятых жаўнераў» на плошчы Леха Качыньскага. Затым адбудзецца аўтарская сустрэча, прысвечана публікацыі прафесара Рафала Внука і доктара Славаміра Палешака: «Нязломныя ці рэалісты? Польскае антыкамуністычнае падполле без пафасу». У гэты дзень таксама пройдзе цырымонія перадачы рэчаў Лукаша Цяпліньскага ў музей. А 20.00 адбудзецца канцэрт вядомай польскай джаз спявачкі Крыстыны Пронька, а таксама пройдуць IV Спаборніцтвы па стральбе на кубак дырэктара Музея «выклятых жаўнераў».

У сваю чаргу 2 сакавіка запланаваны XIII Прабег памяці «выклятых жаўнераў»: «Воўчым следам» і канцэрт пад загалоўкам: «Белая кветка волата. Вітольд Пілецкі. Вершы і песні».

Акрамя таго 1 і 2 сакавіка можна будзе бясплатна наведаць музей, а 2 сакавіка, таксама бясплатна, скарыстацца лічбавым цірам, які размяшчаецца ў музейным комплексе. Адбудуцца таксама майстар-класы па пісанні маляўкаў.

Праграма святкавання Нацыянальнага Дня памяці «выклятых жаўнераў» у горадзе Астралэнка ТУТ.


Анна Задрожна