Пра гэта раскажа Марта Брадаля, куратарка выставы «Дзень жанчын» у Музеі X Павільёна Варшаўскай цытадэлі. На выставе паказаныя паштоўкі і плакаты з часоў ПНР, прысвечаныя менавіта жаночаму дню.
Экспанаты на выставе ў пераважнай большасці тычацца менавіта перыяду Польскай Народнай Рэспублікі, але жаночы дзень, вядома, старэйшы, гаворыць куратарка выставы.
У даваенны час гэта было вельмі вузкае свята, на якое звярталі ўвагу толькі левыя колы. Напрыклад, на выставе ёсць улётка жаночага аддзела Польскай сацыялістычнай партыі, якая заклікае да ўдзелу ў святкаванні Дня жанчын. Цікава, што да вайны гэтыя партыйныя святкаванні адбываліся ўвогуле не 8 сакавіка, а толькі ў нейкія зусім выпадковыя даты, напрыклад, у чэрвені.
Плакаты нагадваюць, што гэта дзень галантнасці мужчын
У сваю чаргу плакаты Польскай камуністычнай партыі паказваюць, што там святкавалі дакладна 8 сакавіка:
- Хутчэй за ўсё, гэтыя даты зрасліся, таму што Дзень жанчын быў заснаваны ў 1910 годзе на Другім кангрэсе Сацыялістычнага інтэрнацыяналу, і гэта была ідэя, якую вылучыла нямецкая сацыялістка Клара Цэткін і нямецкія дэлегаты, але тады не было вызначана канкрэтнага дня для гэтых святкаванняў. Наогул першыя святкаванні жаночага дня адбыліся ў Амерыцы, а не ў Расіі. І яны былі на мяжы лютага і сакавіка.
У Расіі гэты дзень прызначылі жаночым днём, напэўна, таму што 8 сакавіка па нашым календары, а 23 лютага па Юліанскім календары праводзілася вялікая жаночая дэманстрацыя. Яна была адной з дэманстрацый, з якой пачалася Лютаўская рэвалюцыя. Дэманстрацыя за хлеб і мір, гэта была жаночая дэманстрацыя. І ў гонар пятраградскай дэманстрацыі ў Расіі быў усталяваны жаночы дзень 8 сакавіка.
Марта Брадаля адзначае, што гэта былі вельмі маргінальныя святкаванні.
Ужо пасля вайны ў Польшчы жаночы дзень стаў агульнапрынятым святам. Напачатку былі намаганні не звязваць яго з палітычнымі лозунгамі. Для жанчын праводзілі выступы, часамі адпраўлялі Імшы. Пасля 1949 года, калі пачаліся сталінскія часы, гэта стала масавым святам, кажа Марта Брадаля:
- І што цікава, гэтае свята выглядала зусім не так, як мы яго асацыіруем, то бок не толькі ўручэнне кветак і нейкія выступы. Свята складалася з прыняцця вытворчых абавязкаў. Жанчыны там паведамлялі, што перавысілі пэўны працэнт нормы. Яны атрымалі дадатковую працу. І таму 8 сакавіка сапраўды нічым не адрознівалася ад іншых сталінскіх святаў. Так выглядалі таксама майскія святы. Перадавічкам працы і яшчэ некалькім заслужаным актывісткам уручалі адзнаку.
Да 1956 году ў камунізме спрабавалі ставіць жанчын на роўні з мужчынамі, прымалі іх у нетыповыя раней прафесіі (жанчыны-трактарысткі). У сваю чаргу пасля 1956 году вярнуліся да традыцыйных роляў:
- То бок жанчына - маці, прыгожая жанчына, аб'ект захаплення. І некаторы час гэтае свята было такой загадкай, бо ніхто не ведаў, што з ім рабіць, таму што ў яго не было новай формы. І ў 1960 годзе перадача «Вячэрні экспрэс» агучыў лозунг – «Кветка для Евы», і гэта неяк прыжылося. Гэта цікава, таму што для Евы, то бок кожная жанчына тут была адрасатам гэтага свята, незалежна ад узросту, незалежна ад занятасці. Людзі пачалі дарыць падарункі. Некаторыя адзначалі гэтае свята і прыватна, і, вядома, на працоўных месцах. Дарылі ў асноўным гваздзікі, таму што гэта быў сакавік, нейкія падарункі, купоны, знакамітыя панчохі. У 80-я гады быў асаблівы росквіт гэтых святкаванняў. Гэта ўжо быў перыяд крызісу, які кідае свой цень. У нас ёсць паштоўка ад прафсаюзу «Салідарнасць» з надпісам «Жаночы дзень», а вакол купоны на тавары. Трохі здзеклівыя віншаванні, бо пераважна на жаночых плячах, канешне, ляжала барацьба за хатнія справы.
А потым пачаліся афіцыйныя святкаванні, яны крыху змяніліся, таму што чыноўнікі пачалі прыходзіць да жанчын, на заводы. Войцех Ярузэльскі прыехаў тады ў Лодзь і сустрэўся з жанчынамі на іх працоўных месцах.
Паштоўка ад прафсаюзу «Салідарнасць» з надпісам «Жаночы дзень», а вакол купоны на тавары
Пасля 1989 года Дзень жанчын зноў стаў ні чыім, невядома было, што з ім рабіць. Традыцыі Польскай Народнай Рэспублікі адмаўляліся, таму на пачатку 90-х Дзень жанчын быў незаўважальным.
У 1993 годзе першая жанчына-прэм’ер Анна Сухоцка адмяніла нацыянальны характар свята. Паступова яно адрадзілася і святкуецца, у пэўнай ступені дзякуючы камерцыялізацыі, бо гэта магчымасць патраціць грошы.
І некалькі слоў непасрэдна пра плакаты на выставе. На вокладку выбраны плакат Міраслава Берната 1977 года. Гэта ніжняя частка твару і вусны жанчыны зробленыя з пялёсткаў гваздзікі. Агулам на экспазіцыі ёсць шмат плакатаў з матывамі кветак, напрыклад, васьмёрка з кветак, жаночая прычоска ў форме васьмёркі, упрыгожаная кветкамі.
На іншым плакаце бачны мужчына, які голіцца, і надпіс 8 сакавіка. Плакат нагадвае, што гэта дзень галантнасці мужчын, якія ў гэты дзень стараліся быць элегантнымі, дарыць кветкі, часам яны павінны былі пераняць ролю жанчын у хатніх абавязках.
Самыя старыя плакаты з 1950-х гадоў, і на іх намаляваныя жанчына-мулярка, жанчыны, якія працуюць на карысць міру і працвітання сваёй Радзімы. З жаночым днём асацыяваўся лозунг міру, таму на плакатах можна пабачыць голуба. Побач паказаныя жанчыны розных рас, жанчына з дзіцём, якая трымае сцягі розных краін.
ав