Беларуская Служба

Дзясяткі тысяч грамадзян Калумбіі і Філіпінаў пераязджаюць у Польшчу жыць і працаваць

06.02.2025 16:56
Толькі ў студзені гэтага года 300 грамадзян Калумбіі атрымалі дазвол на пражыванне ў Польшчы.
Працаjarmoluk/pixabay.com/CC0 Public Domain

Сярод замежных працаўнікоў на польскім рынку працы дамінуюць украінцы, беларусы – на другім месцы. Аднак апошнім часам назіраецца выразная тэндэнцыя росту замежных працаўнікоў з дзвюх іншых, далёкіх краін, паведамляе gazeta.pl.

Працаўладкаванне замежнікаў у Польшчы расце. За апошнія два гады доля ўкраінцаў у агульнай колькасці іншаземцаў, якія працуюць у Польшчы, зменшылася на 6%, хоць іх па-ранейшаму найбольш. Аднак апошнім часам павялічваецца колькасць іншаземцаў, якія працаўладкоўваюцца ў Польшчы, з Паўднёвай Амерыкі і Азіі, і перш за ўсё з Калумбіі і Філіпінаў. За апошнія некалькі гадоў лічба калумбійцаў павялічылася амаль у 50 разоў. Летась ажно 18 тыс. грамадзян гэтай краіны падалі заяўкі на атрыманне віду на жыхарства ў Польшчы. Таксама вырасла лічба выдадзеных дазволаў на працу – ажно на 352% цягам двух гадоў. Толькі ў студзені гэтага года 300 грамадзян Калумбіі атрымалі дазвол на пражыванне ў Польшчы, яшчэ 1 тыс. 600 чалавек чакаюць рашэння ўладаў. Для параўнання, у 2024 годзе 3 тыс. калумбійцаў атрымалі такія дазволы, годам раней іх было 1 тыс. Такім чынам, тэндэнцыя росту заўважальная.

Другой групай грамадзян, колькасць якіх расце ў Польшчы, з'яўляюцца філіпінцы. Летась від на жыхарства атрымалі 9 тыс. грамадзян Філіпінаў. З пачатку бягучага года пазітыўныя рашэнні атрымалі яшчэ 300 чалавек. Пра дынаміку росту колькасці грамадзян гэтай краіны ў Польшчы сведчыць той факт, што ў першым паўгоддзі 2024 года філіпінцы атрымалі 20 тыс. 500 дазволаў на працу, а ў 2023 годзе іх было выдадзена 13 тыс.

Паводле спецыялістаў, працаўнікі з гэтых рэгіёнаў добра валодаюць англійскай мовай і маюць высокую адаптыўнасць, а іх вопыт у такіх галінах эканомік, як вытворчасць, лагістыка і паслугі з'яўляецца пажаданым у польскіх працадаўцаў, паведамляе gazeta.pl.

вс