Былы прэзідэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі асуджаны агулам на 12,5 гадоў турэмнага зняволення. За кратамі грузінскі палітык ўтрымліваецца ўжо больш за 3 гады. Рукамі грузінскіх уладаў Крэмль помсціць таму, хто паказаў, што ёсць альтэрнатыва Маскве на постсавецкай прасторы, перакананы аглядальнік Павал Усаў.
На днях суд у Тбілісі прыгаварыў экс-прэзідэнта Грузіі да 4,5 гадоў пазбаўлення волі па абвінавачанні ў незаконным перасячэнні мяжы. Гэта другі прысуд для Саакашвілі за апошнія дні. На мінулым тыдні суд у Тбілісі прыгаварыў былога прэзідэнта Грузіі да 9 гадоў пазбаўлення волі па абвінавачанні ў растраце бюджэтных сродкаў у буйным памеры ў перыяд з 2009 па 2013 гады.
Агулам прызначаны турэмны тэрмін для Саакашвілі складае 12 гадоў і 6 месяцаў. Пра што сведчыць дадзены прысуд, мы запыталіся ў нашага аглядальніка палітолага Паўла Усава.
— Гэта помста цяперашніх грузінскіх кіроўных кол на чале з Іванішвілі за глыбокія рэформы, якія Саакашвілі рэалізаваў у Грузіі, а таксама за той курс, які ён абраў пасля перамогі на выбарах у 2003-м годзе. Гэта быў кірунак на Захад. За гэтай помстай стаіць Масква, якая цісне на грузінскія ўлады. Для Крамля гэта дэманстрацыя таго, што будзе з тымі палітыкамі, якія захочуць праводзіць палітыку аддалення ад Расіі. Яшчэ гэта сігнал Захаду, які ставяць перад фактам, што той нічога не можа зрабіць з тым, што Расія вяртае свае ўплывы і бярэ пад кантроль постсавецкую прастору. Пасля Грузіі будзе вырашана пытанне Украіны, Малдовы ды Беларусі. Унутраных рэсурсаў адстойваць дэмакратыі ў гэтых краінах няма. Пакуль што толькі адна Украіна бароніцца і змагаецца з пуцінскім рэжымам і аўтарытарызмам. Без Захаду гэтую барацьбу цяжка выйграць, а Захад разгублены ды абмежаваны ў дзеянні. Больш за тое ў такі крытычны момант ЗША дэманструюць сваю слабасць.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч
Слухайце размову ў аўдыёфайле