Беларуская Служба

Вялікай Амерыцы больш не патрэбныя галасы мінулага

17.03.2025 15:35
Адміністрацыя Трампу спыніла фінансаванне медыякарпарацыі «Радыё Свабода» і радыёстанцыі «Голас Амерыкі». Гэта тлумачыцца пераглядам дзейнасці амерыканскіх урадавых структур з пункту гледжання іх эфектыўнасці.
Аўдыё
  • Амерыка спыняе вяшчанне чатскі сваіх міжнародных медыякарапацый
 .
Белы дом. Ілюстрацыйнае фотаEPA/AL DRAGO / POOL Dostawca: PAP/EPA

Меркаванні экспертаў, што да наступстваў гэтага рашэння падзяліліся. Адныя мяркуюць, што часы змяняюцца і старыя СМІ павінны саступіць месца больш сучасным. Іншыя зазначаюць, што гэта сведчанне таго, што Амерыка больш не клапоціцца пра дэмакратыю ў свеце, а кіруецца выключна эканамічнымі інтарэсамі.

14 сакавіка Дональд Трамп падпісаў указ аб скарачэннях у Агенцтвы ЗША па глабальных медыя (USAGM). Пасля гэтага «Голас Амерыкі» абвясціў аб прыпыненні працы. З 1-га красавіка прыпыняе дзейнасць «Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода». Гэта звязана з тым, што менавіта Агенцтва ЗША па глабальных медыя курыруе згаданыя медыі.

У савецкія часы кіраўніцтва ў Маскве ды іншых краінах так званага сацыялістычнага лагера выдаткоўвала шмат рэсурсаў на тое, каб глушыць праграмы гэтых радыёстанцый, называючы іх «варожымі галасамі». Сёння вяшчанне гэтыя вядомых радыёстанцый прыпынена рашэннем амерыканскага прэзідэнта.

Што гэта сведчыць пра вонкавую палітыку ЗША? Амерыка адыходзіць ад каштоўнасцяў у сваёй палітыцы, робячы стаўку на гандаль ды інтарэсы, перакананы былі міністр абароны Польшчы і былы еўрадэпутат Януш Анышкевіч.

— Спачатку я хацеў бы зазначыць, што мы ўсе ў Польшчы маем пазітыўныя пачуцці да «Свабоднай Еўропы» і «Голасу Амерыкі», таму што гэта былі крыніцы інфармацыі, якімі мы карысталіся дзесяцігоддзямі, што падтрымлівала нас і таксама палягчала дзейнічаць, таму што «Свабодная Еўропа» або «Голас Амерыкі» былі для нас крыніцай інфармацыі, калі гаворка ішла пра нашу дзейнасць у дэмакратычнай апазіцыі ў Польшчы. Гэтыя дзве крыніцы адыгралі вялізарную ў палітычных зменах, якія мелі вялікае значэнне для Еўропы і свету. Што ж тычыцца таго, што адбываецца цяпер, я думаю, што гаворка ідзе не толькі пра закрыццё дзвюх радыёстанцыяй, але і пра закрыццё цэлага шэрагу розных праграм, якія падтрымлівалі дэмакратыю, падтрымліваюць ветэранаў ці ахвяр вайны ва Украіне, напрыклад. Усё гэта разам проста неймаверна аслабляе пазіцыі ЗША, якія лічыліся своеасаблівым лідарам свабоднага і дэмакратычнага свету, а цяпер ЗША становяцца такімі, як, велізарная колькасць розных іншых дзяржаў, якія вельмі вузка глядзяць на свае інтарэсы і не асабліва клапоцяцца пра тое, што адбываецца ў свеце.

Гэта перагляд старых праграм, якія перасталі быць эфектыўнымі ў сучасным свеце, зазначыў прафесар амерыканіст з Універсітэта імя кардынала Стэфана Вышыньскага Збігнеў Левіцкі.

— Скажу шчыра: маё пакаленне, людзі крыху старэйшыя за мяне і маладзейшыя, вядома, шмат у чым абавязаныя Радыё «Свабодная Еўропа», якое вельмі доўга было практычна адзінай крыніцай сапраўднай інфармацыі, якую мы слухалі, нягледзячы на розныя завады. Тады былі спецыяльныя прылады, якія эмітавалі перашкоды. Але тыя часы мінулі. На сённяшні момант я не ведаю, колькі людзей яшчэ слухаюць Радыё «Свабодная Эўропа» ці Радыё «Свабода». Моладзь мае інтэрнэт, у іх ёсць іншыя крыніцы інфармацыі. Таму пачуцці - адно, а рэчаіснасць - іншая справа. Апошнім часам розныя амерыканскія агенцтвы падлягаюць перагляду і зачыняюцца праграмы і дзеянні, якія не маюць больш глыбокага абгрунтавання. Цяпер проста іншыя часы, і няма сумневу, што тое, што было, нават самае высакароднае, не вернецца.

Для былога кандыдата ў прэзідэнты Беларусі і шматгадовага лідара Руху «За Свабоду«, а цяпер рэктара Вольнага беларускага ўніверсітэта Аляксандра Мілінкевіча, прыпынене працы Радыё «Свабода» - гэта сведчанне таго, што ЗША больш не хочуць быць звышдзяржавай.

— Як і многія людзі, якім не ўсё роўна, у якім свеце мы жывём, я ў шоку ад той палітыкі, якую рэалізуе Трамп, дзе няма меж і законаў, а ёсць інтарэсы. Не думаю, што ў інтарэсе ЗША перастаць быць вялікай дзяржавай. Дзякуючы такім крокам яны ёй перастануць быць, бо ад гэтага выігрываюць толькі дыктатуры як пуцінаўская ці лукашэнкаўская.

Асабліва балюча гэта ўспрымаецца з беларускай перспектывы. Для шматлікіх пакаленняў беларусаў Радыё «Свабодная Еўропа/Радыё Свабода» былі акном у вольны свет, зазначае беларускіх палітыкі ды грамадскі дзеяч.

— Я добра памятаю, як у маім дзяцінстве бацька ўвесь час слухаў Радыё «Свабодная Еўропа/Радыё Свабода». Гэта было вялізарнае акно ў свет. Ён баяўся, каб пра гэта даведаліся, бо былі часы, калі за гэта пагражала турэмнае зняволенне ды звальненне з працы. Але ён усё ведаў, тады гэта было акно ў вольны свет.  

Дарэчы, урад Чэхіі хоча абмеркаваць у Еўрапейскім Саюзе будучыню медыякарпарацыі «Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода» (РСЕ/РС), якая базуецца ў Празе і пазбавілася фінансавання з ЗША. «Працяг такога вяшчання адпавядае інтарэсам Еўропы», - заявіў міністр замежных спраў Ян Ліпаўскі ў эфіры Чэшскага тэлебачання ў нядзелю 16 сакавіка.

Юры Ліхтаровіч