Беларуская Служба

Польскі аналітык: Перамовы Трампа з Пуціным — гэта абмежаваны, але поспех Крамля 

19.03.2025 13:12
Яскравай ілюстрацыяй дамоўленасці Пуціна і Трампа аб спыненні ўдараў па энергетычнай інфраструктуры з’яўляецца атака 140 расійскіх дронаў па Украіне, у тым ліку, па энергетычнай інфраструктуры.
Аўдыё
1
  • Польскі аналітык: Перамовы Трампа з Пуціным — гэта абмежаваны, але поспех Крамля
 :       ,
Польскі аналітык: Перамовы Трампа з Пуціным — гэта абмежаваны, але поспех Крамля PAP/EPA/PETE MAROVICH / PAP/EPA/GAVRIIL GRIGOROV

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што яго тэлефонная размова з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным была «вельмі добрай і прадуктыўнай». «Мы дамовіліся аб неадкладным спыненні агню а ўсіх энергетычных і інфраструктурных аб'ектах», — цытуюць Трампа амерыканскія СМІ.  У Крамлі сцвярджаюць, што Пуцін паставіўся да гэтай ініцыятывы «станоўча» і нібыта адразу «аддаў расійскім вайскоўцам адпаведную каманду».

Эксперт Цэнтра ўсходніх даследаванняў (Ośrodek Studiów Wschodnich im. M. Karpia) Кацпэр Сеніцкі Эксперт Цэнтра ўсходніх даследаванняў (Ośrodek Studiów Wschodnich im. M. Karpia) Кацпэр Сеніцкі

Пра вынікі размовы Трампа і Пуціна, якая доўжылася паўтары гадзіны, пра што дамовіліся палітыкі і што гэта значыць для Украіны, Беларуская служба пацікавілася ў эксперта Цэнтра ўсходніх даследаванняў (Ośrodek Studiów Wschodnich im. M. Karpia) Кацпэра Сеніцкага:

— Гэтыя перамовы абмежаваны, але ўсё ж такі поспех Расіі. Мне здаецца, што Расіі атрымалася дасягнуць карыснага выніку гэтых размоў, таму што расіяне рэгулююць дынаміку перамоў. Калі з боку амерыканцаў была цалкам відавочная прапанова аб поўным спыненні агню, то цяпер Расія высоўвае свае ўмовы, і на гэтую тэму вядуцца перамовы. Таму Расія рэгулюе  дынаміку, спрабуе ўцягнуць Трампа ў сваю гульню. ЗША, асабіста Трамп, безумоўна, чакаў бы чагосьці большага, чакаў бы поўнай і безумоўнай згоды са сваімі патрабаваннямі, таму, я думаю, ён не можа быць задаволены вынікам перашага кантакту з Пуціным, але, абвешчаны працяг перамоў таксама выклікае надзеі ў амерыканскага кіраўніцтва. Амерыканцы ўсё яшчэ спадзяюцца, што ім удасца дасягнуць міру. Пакуль цяжка сказаць, ці  гэтыя надзеі спраўдзяцца.

Чаму так атрымалася, што амерыканцы не дамагліся ад Расіі хоць нейкіх саступак? Чаму Расія ўводзіць дадатковыя ўмовы і абшары перамоў?

— Гэта тыповая расійская тактыка ці старая савецкая школа вядзення перамоў. Важна разумець,  што Масква заўсёды будзе выстаўляць свае ўмовы на кожную прапанову, каб не апынуцца на тым баку, які проста пагадзіўся, які быў слабейшым у перамовах, таму гэта відавочная тактыка Расіі, раней СССР, яшчэ раней Расійскай Імперыі: весці перамовы без веры ў іх сэнс, адначасова рэалізуючы шантаж, дыверсіі, пагрозы і г. д. Мне здаецца, што Трампу і ягонай дэлегацыі, яго бліжэйшым супрацоўнікам, не хапае разумення Расіі ў гэтым плане. Справу ўскладняе той факт, што Дональд Трамп даволі радыкальны ў сваёй пазіцыі на перамовах, ён часта ставіць складаныя ўмовы, але робіць гэта ў дачыненні да больш слабых гульцоў, або якіх ён лічыць слабейшымі за сябе, залежных ад яго. Карыстаючыся ягонай тэрміналогіяй у дачыненні да Расіі, у Трам мала магчымасцяў непасрэдна ўплываць на рашэнні, якія прымаюцца ў Крамлі, у яго слабыя карты і адсутнічае прамы інструмент прымусіць Расію безумоўна пагадзіцца з ягонымі патрабаваннямі. 

У той жа час расіяне пачалі ўводзіць, так бы мовіць, нейкія дадатковыя элементы гэтых перамоў, выкарыстоўваючы так званую флангавую дыпламатыю. Гаворачы пра тое, што адбываецца ва Украіне, пра магчымае спыненне агню, Крэмль асобна вылучыў, напрыклад, тэму бяспекі ў Чорным моры, расіяне таксама прапаноўвалі дапамогу амерыканцам  з йеменскімі паўстанцамі, хусітамі, а таксама была "арыгінальная" прапанова арганізоўваць сумесныя хакейныя матчы. Як разумець такое драбленне перамоўнага працэсу?

— Расійска-амерыканскія перамовы факусуюцца на пытанні вайны, якую вядзе Расія супраць Украіны, але абодва бакі не хаваюць таго, што зацікаўленыя і ў больш шырокім пагадненні, магчыма, у нейкай перазагрузцы двухбаковых дачыненняў. Такім чынам, іншыя тэмы важныя ў першую чаргу для Масквы, але таксама для ЗША, але толькі ў пэўнай ступені. Перш за ўсё, Расіі ёсць што прапанаваць у пытаннях, якія актуальныя для амерыканцаў на Блізкім Усходзе, дапамогі ў пасрэдніцтве і магчымым ціску на краіны, якія знаходзяцца ў партнёрстве з Расіяй (напрыклад Іран) або залежныя ад Расіі, таму гэтыя тэмы з'яўляюцца знакам, што не толькі Украіна важная для абодвух бакоў, і абодва бакі ў нават у сваёй лексіцы імкнуцца да перазагрузкі адносінаў. Такія тэмы будуць з'яўляцца. Прапанова аб хакейным матчы — давядзенне да абсурду гэтых размоў з боку Расіі. Але, як бачыце, каб палепшыць умовы, палепшыць адносіны з Масквой, амерыканцы гатовыя пагадзіцца нават на такія ўмовы, змяншаючы міжнародную ізаляцыю Расіі.

Чаму расійскі бок асобна вылучае пытанне бяспекі ў Чорным моры. Чорнае Мора гэта, напэўна, адна з нямногіх сфер, дзе Украіна дамінуе над Расіяй. Украіна выпіхнула ў каўказскія парты славуты Чарнаморскі флот РФ. Ці гэта не частка вялікай гульні, у якой расіяне хочуць не спынення агню, а чагосьці іншага? Бо давайце не будзем забываць пра першапачатковыя мэты, т. зв. спецыяльнай ваеннай аперацыі, сярод іншага, адсячэнне Украіны ад мора. І зноў гэты аспект з'явіўся ў кантэксце перамоў з Вашынгтонам.

— Так, той фармат, у якім гэта ўсплывае, нявыгадны Украіне. Па-першае, на дадзены момант Украіна даволі свабодна выкарыстоўвае марскі гандаль, выкарыстоўвае акваторыю Чорнага мора і, ужываючы розныя віды зброі, змусіла Расію пакінуць заходнюю акваторыю Чорнага мора. Таму такія прапановы Расіі выклікаюць занепакоенасць. Расія намагаецца перагледзіць статус украінскіх партоў, напрыклад, порта ў Адэсе, і тое, як Украіна будзе выкарыстоўваць сваю марскую інфраструктуру. Гэта сведчыць пра істотныя патрабаванні з боку Расіі і пра тое, што Масква намагаецца не адмаўляцца ад першапачатковай мэты вайны — палітычнага падпарадкавання Украіны, у тым ліку, у кантэксце Чорнага мора.

Яскравай ілюстрацыяй дамоўленасці Пуціна і Трампа аб спыненні ўдараў па энергетычнай інфраструктуры з’яўляецца атака 140 расійскіх дронаў па Украіне, у тым ліку, па энергетычнай інфраструктуры. Налёт дронаў быў здзейснены праз некалькі гадзін пасля «вельмі добрай і прадуктыўнай» размовы уладароў Крамля і Белага дома.

эж