Выданне Rzeczpospolita вяртаецца да тэмы, якая нейкі час таму выклікала ў Польшчы вялікі скандал. Гэта выкарыстанне сістэмы Pegasus да праслухоўвання розных асоб. У Службе ваеннай контрвыведкі ёсць дакумент, які папярэджваў аб рызыцы выкарыстання сістэмы з-за магчымасці ўцечкі дадзеных за мяжу. Аднак гэтае папярэджанне праігнаравалі.
Газета нагадала, што «пры дапамозе ізраільскай сістэмы Pegasus па заказе польскіх спецслужбаў праводзіўся маніторынг тэлефонаў 578 асоб». Дададзім – без іх згоды і ведама. Як паведамляў у красавіку міністр юстыцыі Адам Боднар, сістэму выкарыстоўвалі Цэнтральнае антыкарупцыйнае бюро (CBA), Агенцтва ўнутранай бяспекі і Служба ваеннай контрвыведкі. Галоўны камендант паліцыі Марэк Баронь сказаў, што яе выкарыстоўвала таксама паліцыя. Сістэму закупіла CBA, іншыя службы аплачвалі яе выкарыстанне. Служба ваеннай контрвыведкі плаціла каля 2 млн злотых раз на паўгода, агулам каля 11 млн злотых.
Выданне адзначае: «Здзіўляе тое, што ў Службе ваеннай контрвыведкі ёсць дакумент, які выразна заяўляе, што дадзеныя, атрыманыя з дапамогай сістэмы, могуць трапляць у Ізраіль». «Хутчэй за ўсё, гэта папярэджанне дырэктара па аператыўных пытаннях, які ўжо не працуе ў службе. Аднак, ведаючы пра гэтую рызыку, служба не павінна выкарыстоўваць сістэму, каб дадзеныя пра падазраваных, якія маглі дзейнічаць на карысць іншых краін, не траплялі за мяжу», — адзначаецца ў артыкуле.
Газета паведамляе, што «Служба ваеннай контрвыведкі не будзе каментаваць і разглядаць здагадкі, якія тычацца выкарыстання сістэмы Pegasus».
нг