У Варшаве адбылася прэсавая канферэнцыя беларускіх грамадскіх ды палітычных арганізацый, якія просяць дапамогі ў Еўрапейскага Саюза, заходніх дэмакратый па выратаванні жыцця палітычных вязняў у Беларусі.
20 лютага ў Беларускім Доме ў Варшаве адбылася канферэнцыя пад назвай «Як захаваць жыццё палітвязням у Беларусі?», у якой ўзялі ўдзел палітыкі, грамадскія дзеячы ды былыя палітвязні: беларускі палітык Зянон Пазьняк, прадстаўніца “Асацыяцыі былых палітвязняў ды іх сем’яў” Святлана Мацкевіч, былыя палітвязні, якія распавялі пра палітычныя рэпрэсіі ды катаванні ў Беларусі. Так Віктар Пархімчук зазначыў, што ў турмах і калоніях да палітвязняў адмыслова ставіліся як найгорш.
- Усіх людзей, якія выступалі супраць рэжыму мецілі жоўтымі біркамі, гэта было як генацыд. Гэтая бірка шмат чаго нас пазбаўляла, у тым ліку датэрміновага вызвалення. Турэмшчыкі заўсёды да нас чапляліся, бірка была як прыцэл. Увесь і адвольна выносіліся пакаранні.
Жонка палітвязня Дзяніса Івашына Вольга дадала, што дадатковыя рэпрэсіі стасуюцца за размову на беларускай мове.
- Майго мужы пазбавілі права на тэлефонныя званкі ў Магілёўскай калоніі за тое, што ён размаўляў па-беларуску. Яшчэ былі іншыя цкаванні менавіта за беларускую мову.
Ірына Шчасная зазначыла, што палітычныя зняволеныя кожны дзень рызыкуюць жыццём.
- Роўна год назад у папраўчай установе, насамрэч катавальні, быў даведзены да сперці праз неаказанне медычнай дапамогі, палітвязень Ігар Леднік. Цяпер захоўваецца сапраўдная небяспека, што кожны з тысяч палітзняволеных рызыкуюць сваім здароўем і жыццём штодня. Чым больш чалавек праводзіць у гэтых мясцінах, тым менш у яго шансаў пабудаваць нармальнае жыццё на свабодзе.
Грамадству патрэбна дапамога з боку краін свабоднага свету, казала ў Варшаве былая адвакат, якая была пакараная рэжымам за абарону палітвязняў.
- У Беларусі адбываецца сапраўдны генацыд. Гэта дзецца ў краіне, якая знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, а вакол шмат дэмакратычных дзяржаў. Наша краіна заслугоўвае ўвагі з боку міжнароднай супольнасці. Людзі, якія пакутуюць ды адбываюць вельмі вялікія тэрміны, а таксама іх родныя, вельмі чакаюць, што будзе дапамога. Мы проста крычым SOS.
Дзеля вызвалення палітвязняў палітык і лідар руху «Вольная Беларусь» Зянон Пазняк заклікаў еўрапейскія дзяржавы аднавіць перамовы з рэжымам Лукашэнкі, як вядуць перамовы з тэрарыстамі аб вызваленні закладнікаў.
- Калі няма сілы ліквідаваць рэжым, трэба як з тэрарыстамі ўступаць у перамовы, каб выратаваць жыцці людзей. Тыя беларусы, якія сядзяць у турмах па палітычных прычынах, якіх катуюць, - з’яўляюцца не вязнямі, а палітычнымі закладнікамі. Іх схапілі незаконна, па незаконных абвінавачаннях, іх катуюць і даводзяць да смерці.
Гэта трэба рабіць, як мага хутчэй, бо цяперашняе становішча палітвязняў у Беларусі проста жудаснае. Папярэдняя палітыка санкцый не дала эфектаў, дадаў палітык.
- Ужо тысячы чалавек арыштаваныя за пяць год па сфабрыкаваных абвінавачання – незаконна. Створаная сістэма схаванага генацыду: людзей хапаюць на вуліцы, больш актыўных і патрыятычных, у турме дзейнічае сістэмы катаванняў. Шмат людзей даведзеныя да смерці. Ужа не першы год беларусы думаюць як вызваліць гэтых людзей. Еўропа прытрымліваецца канцэпцыі, каб душыць рэжым санкцыямі. Аднак яны носяць агульны характар і працягваюцца пяты год без уплыву на вызваленне палітвязняў. Наша пазіцыя такая, што еўрапейскім палітыкам трэба ўступаць ў дачыненні з рэжым, каб вызваліць жыцці людзей.
Таксама Святлана Мацкевіч з «Асацыяцыі былых палітвязняў ды іх сем’яў» заклікала да перамоў дзеля вызвалення палітвязняў.
- Патрэбна вызваліць палітвязняў, яно патрабуе ўмацавання ды аб’яднання высілкаў усіх палітычных актараў. Трэба, каб людзі вярталіся да дому жывымі, а не паміралі гераічна ў турме. Да вызвалення ўсіх палітвязняў патрэбны канструктыўны дыялог. Таксама павінна быць абсалютнае спыненне ўсіх рэпрэсій.
Прысутныя заўважылі, што рэжым Лукашэнкі пачаў сігналізаваць аб сваёй гатоўнасці весці перамовы аб вызваленні палітзняволеных узамен за адмену санкцый, і, Еўрапейскі Саюз, на іх думку, павінен скарыстацца гэтай магчымасцю, каб выратаваць чалавечыя жыцці.
Юры Ліхтаровіч