Палітыка прэзідэнта ЗША Дональда Трампа ў адносінах да Украіны і наогул Усходняй Еўропы, у тым ліку Польшчы і Беларусі, можа прывесці да другой Ялты. Пра гэта ўсё часцей гавораць розныя гісторыкі і палітолагі, палітыкі.
У лютым 1945 года ў Ялце, на сустрэчы кіраўнікоў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі — Іосіфа Сталіна, Франкліна Рузвельта і Уінстана Чэрчыля, фактычна быў устаноўлены новы сусветны парадак, у тым ліку новыя граніцы Польшчы, падзеленай у 1939 годзе СССР і Германіяй.
Вітальд Радкевіч (Witold Rodkiewicz), старшы спецыяліст Цэнтра ўсходніх даследаванняў, выкладчык Цэнтра ўсходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага універсітэта раскрывае больш шырокі кантэкст сучасных падзей у святле вопыту мінулага. Ён, па-першае, напамінае, што на Захадзе існуе нямала стэрэатыпаў пра нашу частку Еўропы.
— Там яшчэ існуюць ўяўленні з мінулага пра пэўную іерархію нацый і дзяржаў, нягледзячы на сучасны дэмакратызм і ідэалогію роўнасці. На жаль, нам, тым, хто знаходзіцца на гэтай ментальнай карце, складана яе змяніць. Затое тое, што кітайцы робяць у Беларусі, вельмі выгадна Маскве, бо эканамічнае супрацоўніцтва паміж Кітаем і Беларуссю з’яўляецца дадатковай крыніцай эканамічнай стабільнасці рэжыму Лукашэнкі. Не ведаю, як цяпер, бо, магчыма, сітуацыя змянілася за апошнія тры гады, падчас вайны, але сутнасць беларуска-расійскіх адносін заключалася ў залежнасці беларускай эканомікі ад расійскай, якая субсідзіравала Беларусь. Расіяне рабілі гэта свядома, нават у другой палове 1990-х гадоў, калі ў іх былі вялікія эканамічныя праблемы. Стратэгічнае значэнне Беларусі для расійскай эліты было настолькі вялікім, што нават калі афіцыйная расійская дактрына заключалася ў тым, што яны не жадаюць, каб адносіны з постсавецкімі краінамі трымаліся на датацыях, у выпадку з Беларуссю, калі Лукашэнка прыйшоў да ўлады, было зроблена выключэнне. Таму калі кітайска-беларускія адносіны ўмацоўваюць пазіцыі Лукашэнкі і стабільнасць у Беларусі, то гэта ў пэўным сэнсе кітайская «паслуга» расійскаму партнёру. Кітайцы могуць гэта зрабіць, таму што ў іх ёсць патэнцыял, а з пункту гледжання Расіі, гэта для Расіі бяспечна. Вось калі б гэта рабілі іншыя, асабліва Захад, гэта магло б успрымацца як нешта небяспечнае, але ў выпадку Кітая гэта — бяспечна.
Вітальд Радкевіч у той жа час разглядае розныя сцэнарыі дзеянняў з боку ЗША: аж да адмовы Дональда Трампа падтрымліваць Цэнтральную Еўропу ў выпадку агрэсіі з боку РФ, што, можа, і гучыць непраўдападобна, але прыклад яго паводзін з Украінай дае розныя падставы для занепакоенасці. Тым не менш, на сённяшні момант сітуацыя, паводле палітолага, выглядае не настолькі трывожнай.
— Заявы Трампа аб выкананні Польшчай і некаторымі іншымі краінамі НАТА сваіх абавязацельстваў па выдзяленні сродкаў на абарону сведчаць аб тым, што, нават пры яго дзелавым падыходзе, ён, мабыць, разумее, што саюзнікі Злучаных Штатаў Амерыкі незаменныя. Дагэтуль гучала рыторыка, што тыя саюзнікі, якія гатовы ўзяць на сябе прапарцыянальны цяжар забеспячэння сваёй бяспекі — тое, што Польшча робіць даволі паслядоўна на працягу некалькіх гадоў — могуць разлічваць на падтрымку. Можна сказаць, што яны будуць разглядацца як пазітыўны элемент у разліках ЗША, прыносячы ім карысць, а не абцяжарваючы.
Вітальд Радкевіч.
Тым часам узбраенні для Расіі вырабляюць амаль 300 беларускіх дзяржаўных заводаў. Такія даныя на днях апублікавала група BelPol. Паводле яе даных, у Беларусі вырабляюць прыцэлы, ракеты і баявыя беспілотнікі для расійскай арміі. Нават спартыўны камбінат у Целяханах займаецца вытворчасцю скрынь для артылерыйскіх боепрыпасаў. Беларускую ваенную тэхніку выкарыстоўваюць расіяне на ўкраінскім фронце. Дзякуючы заказам з Расіі многім беларускім заводам удалося пазбегнуць банкруцтва.
Якую ж палітыку праводзіць Захаду і Польшчы, у прыватнасці, у адносінах да Беларусі?
— Унутраныя перамены ў Беларусі, дэмакратызацыя гэтай краіны — вельмі важныя, бо без гэтага нічога не зменіцца. Інакш мы будзем мець там рэжым, варожы як да Польшчы, так і да свайго насельніцтва. Гэты рэжым — інструмент расійскай палітыкі, і, на жаль, гэта таксама вынік агульнай сітуацыі і расстаноўкі сіл. Шмат у чым усё залежыць ад таго, чым скончыцца вайна ва Украіне. Калі вайна ва Украіне скончыцца перамогай Расіі, унутраныя перамены ў Беларусі стануць малапраўдападобнымі. У такім выпадку можна чакаць нечага накшталт «жалезнай заслоны» на польска-беларускай і польска-ўкраінскай граніцах. Адзіным шансам на перамены быў бы нейкі пройгрыш Расіі, што можа прывесці да ўнутраных праблем у гэтай краіне, што, на мой погляд, непазбежна пасля паражэння.
У любым выпадку, вельмі многае будзе залежаць ад рашэнняў прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, лічыць Вітальд Радкевіч, а таксама ад невідавочнай усім дыпламатыі Кітая.
Віктар Корбут
Слухайце аўдыё