Беларуская Служба

Датчане купляюць ракеты за мільярды еўра – раней хацелі набыць у ЗША, але ад гэтага іх адштурхнула палітыка Трампа

13.03.2025 18:15
Супрацькарабельныя ракеты NSM, замоўленыя Даніяй, ужо знаходзяцца на ўзбраенні ВМС шэрагу краін NATO, у тым ліку Польшчы.
  NSM
Супрацькарабельная ракеты NSMкрыніца: Kongsberg Defence & Aerospace

ВМС Даніі атрымаюць сучасныя марскія ўдарныя ракеты NSM вытворчасці нарвежскай кампаніі Kongsberg Defence & Aerospace, якія заменяць састарэлыя сістэмы Harpoon 1970-х гадоў. Пагадненне па гэтым пытанні падпісалі ў чацвер урады Даніі і Нарвегіі. Новая зброя павысіць абароназдольнасць Даніі ў Балтыйскім моры і Арктычным рэгіёне, паведамляе партал Money.pl 

Рашэнне аб узмацненні ўзброеных сіл Даніі было прынятае ў лютым у рамках маштабнай праграмы па мадэрнізацыі, якая ацэньваецца ў 50 млрд дацкіх крон (каля 6 млрд 700 млн еўра). 

Улады ў Капенгагене тлумачаць гэтае рашэнне як пагрозай з боку Расіі, так і заявамі ЗША адносна Грэнландыі. Пасля перамогі на выбарах Дональд Трамп не раз выказваўся аб далучэнні вострава да ЗША, які з'яўляецца аўтаномнай часткай Каралеўства Данія. 

Дадатковым штуршком для павелічэння ваенных выдаткаў Даніі стаў даклад ваеннай разведкі FE. На думку аналітыкаў, Крэмль можа быць гатовы да нападу на краіны Балтыі праз два гады пасля заканчэння вайны ва Украіне. Улады ў Капенгагене вырашылі, што лепшай стратэгіяй стрымлівання Расіі будзе істотнае ўмацаванне абароннага патэнцыялу ў рэгіёне. 

Супрацькарабельныя ракеты NSM, замоўленыя Даніяй, ужо знаходзяцца на ўзбраенні ВМС шэрагу краін NATO, у тым ліку Польшчы. Дарэчы, раней Капенгаген разглядаў магчымасць закупкі ракет у ЗША, аднак заявы Трампа прымусілі Данію змяніць свае планы.

вс