Прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) па сацыяльнай палітыцы Вольга Гарбунова стала лаўрэатам Міжнароднай жаночай прэміі за адвагу (IWOC), вынікае з паведамлення заснавальніка гэтай узнагароды – Дзяржаўнага дэпартамента ЗША, інфармуе «Позірк».
Амерыканскае знешнепалітычнае ведамства адзначыла, што Гарбунова – беларуская праваабаронца, якая «прысвяціла сваё жыццё абароне правоў жанчын, дзяцей, ЛГБТКІ+ і іншых маргіналізаваных груп у Беларусі».
«Пасля фальсіфікацыі выбараў 2020 года ў Беларусі спадарыня Гарбунова была заключаная ў турму рэжымам [Аляксандра] Лукашэнкі пасля арганізацыі жаночых маршаў і, знаходзячыся ў турме, падверглася псіхалагічным катаванням з боку ўладаў і пагрозам смерці за дапамогу жанчынам, якія падвергліся гвалту, – гаворыцца ў паведамленні. – Пасля вызвалення спадарыня Гарбунова ўцякла з Беларусі, баючыся працягу рэпрэсій, і ў выгнанні ў Літве далучылася да кабінета Святланы Ціханоўскай, лідара беларускага дэмакратычнага руху».
Дзярждэп звярнуў увагу на тое, што мандат Гарбуновай як прадстаўніцы АПК па сацыяльных пытаннях «уключае ў сябе барацьбу за вызваленне палітычных зняволеных, аказанне падтрымкі былым палітвязням і іх сем’ям, а таксама садзейнічанне псіхасацыяльнай падтрымцы беларускай супольнасці ў выгнанні».
«Як былая кіраўніца няўрадавай арганізацыі «Радзіслава», якая ў выніку была закрытая рэжымам Лукашэнкі, спадарыня Гарбунова была наватарам у справе падтрымкі ахвяр хатняга гвалту і на працягу дваццаці гадоў кіравала адным з нешматлікіх у Беларусі прытулкаў для дзяцей і жанчын», – адзначае Дзярждэп.
Акрамя Гарбуновай да ўзнагароды сёлета прадстаўленыя прадстаўніцы Афганістана, Бангладэшa, Босніі і Герцагавіны, Гамбіі, Ірана, Кубы, Марока, М’янмы, Уганды, Эквадора і Японіі.
Лаўрэатаў узнагародзяць 4 сакавіка дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен і першая лэдзі Джыл Байдэн. Цырымонія будзе транслявацца ў жывым эфіры на сайтах Белага дома і Дзярждэпа.
Амерыканскае знешнепалітычнае ведамства з 2007 года ўручае гэтую прэмію «жанчынам з усяго свету, якія прадэманстравалі выключную мужнасць, сілу і лідарства ў адстойванні міру, справядлівасці, правоў чалавека, гендэрнай роўнасці і раўнапраўя, а таксама пашырэння правоў і магчымасцяў жанчын і дзяўчынак ва ўсёй іх разнастайнасці – часта з вялікай рызыкай і самаахвяраваннем».
За амаль 20-гадовую гісторыю прэміі да ўзнагароды было прадстаўлена больш як 190 жанчын з 90 краін. Кандыдатуры вылучаюць дыпламатычныя прадстаўніцтвы ЗША за мяжой, фіналістак адбіраюць і ўхваляюць высокапастаўленыя чыноўнікі Дзярждэпа.
аз