Беларуская Служба

Апеляцыйны суд у Сербіі адмяніў рашэнне аб экстрадыцыі беларускага рэжысёра Андрэя Гнёта

13.03.2024 15:01
Апеляцыйны суд адмяніў рашэнні суда першай інстанцыі, аднак не адмяніў саму экстрадыцыю, накіраваўшы справу на новы разгляд.
Андрэй Гнёт Фота з Facebook

Апеляцыйны суд у Сербіі адмяніў рашэнне Вышэйшага суда аб экстрадыцыі беларускага рэжысёра Андрэя Гнёта ў Беларусь, паведаміла Deutsche Welle. Сваё рашэнне Апеляцыйны суд у Бялградзе растлумачыў тым, што не ўсе акалічнасці, на падставе якіх было вынесена рашэнне аб экстрадыцыі, былі даследаваны. Акрамя таго, Гнёту не далі слова падчас першага працэсу.

Пры гэтым суд працягнуў тэрмін утрымання Андрэя Гнёта пад вартай яшчэ на 60 дзён. Новае слуханне па справе прызначанае на 26 сакавіка.

Як патлумачыла DW дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр, Апеляцыйны суд адмяніў рашэнні суда першай інстанцыі, аднак не адмяніў саму экстрадыцыю, накіраваўшы справу на новы разгляд.

«Я спадзяюся, што суд першай інстанцыі прыме рашэнне не экстрадаваць яго ў Беларусь, і Гнёта хутка адпусцяць», – адзначыла Рыхтэр. Паводле яе слоў, гэта звычайны юрыдычны працэс, хаця, вядома, вельмі засмучае, што яшчэ, як мінімум, два тыдні рэжысёру давядзецца правесці ў турме ў Бялградзе.

Андрэй Гнёт – беларускі журналіст, рэжысёр і палітычны актывіст. Гнёта называюць сузаснавальнікам «Свабоднага аб'яднання спартсменаў SOS BY», прызнаным у Беларусі «экстрэмісцкім фарміраваннем».

аз