Беларуская Служба

Лукашысты сабралі ў людзей за данаты больш як 356 тыс. долараў «добраахвотных ахвяраванняў»

14.03.2024 15:08
Грошы былі пераведзеныя дзяржаўным сацыяльным і медыцынскім установам.
Доларыpixabay.com/CC0 Public Domain

У 2024 годзе лукашысты ў Беларусі пад пагрозай рэпрэсіяў сабралі ў людзей, якія рабілі данаты, больш за 356 тыс. долараў «добраахвотных ахвяраванняў». Пра гэта паведамілі самі сілавікі.

Сцвярджаецца, што грошы перавялі дзяржаўным сацыяльным і медыцынскім установам, напрыклад, 120 тыс. долараў Мсціслаўскай спецыяльнай школе-інтэрнату.

Як паведамляе УУС Мінскага аблвыканкаму, сёлета выявілі 260 асобаў, якія «ажыццявілі пераводы грашовых сродкаў на рахункі экстрэмісцкіх фармаванняў на агульную суму больш за 5 тыс. долараў ЗША». Яны былі прымушаныя ахвяраваць значна большыя сродкі лукашыстам – у некаторых выпадках «выкуп» у сотні разоў перавышае данат. У шэрагу выпадкаў гэтых людзей судзяць.

Разам з тым у арганізацыі «By_Help» заявілі, што выплата адкупных не гарантуе адсутнасці крымінальнага пераследу ў будучыні.

У «By_Help» таксама нагадваюць пра сумную гісторыю ІТ-спецыяліста, які заплаціў 775 тыс. долараў адкупных, але і так трапіў у турму на 3 гады і цяпер рызыкуе атрымаць 15 гадоў.

«By_Help» падкрэслівае, што для тых, хто пераводзіў грошы «ByPol» або іншым фондам дапамогі, адзіны спосаб заставацца ў бяспецы – выезд з Беларусі, паведамляе «Белсат».

вс