Каардынацыйная рада заклікае ініцыяваць перамовы з беларускімі ўладамі аб абмене былога каліноўца Васіля Верамейчыка на асуджаных у Літве і Украіне за шпіянаж у інтарэсах Беларусі. Пра гэта гаворыцца ў заяве Каардынацыйнай рады аб сітуацыі з былым добраахвотнікам.
«Пра затрыманне Васіля стала вядома 14 лістапада. Каардынацыйная рада неадкладна звярнулася да міністэрстваў замежных спраў ЗША, Польшчы і Украіны, а таксама міжнародным арганізацыям з просьбай умяшацца, высветліць акалічнасці справы і прадухіліць магчымую экстрадыцыю. Прадпрымаліся таксама спробы арганізаваць юрыдычную абарону Васіля, якія аднак сутыкаліся з тым, што адвакаты ў В'етнаме ў большасці сваёй адмаўляліся ўзяцца за гэтую справу. Тыя, хто пагаджаліся, не змаглі атрымаць доступ да інфармацыі, бо мясцовая паліцыя адмаўлялася даваць каментары. Толькі 19 лістапада стала вядома, што Васіля, верагодна, дэпартавалі ў Беларусь ужо на наступны дзень пасля затрымання», — паведамілі ў Каардынацыйна радзе.
Каардынацыйная рада звярнулася да міжнароднай супольнасці і праваабарончых арганізацый з заклікам прыкласці ўсе намаганні для абароны жыцця і правоў Васіля Верамейчыка.
Каардынацыйная рада заклікае ініцыяваць перамовы з уладамі Беларусі аб магчымым абмене Васіля Верамейчыка на грамадзян Беларусі, асуджаных у Літве і Украіне за шпіянаж у інтарэсах Беларусі, а урад Украіны заклікае прызнаць Васіля Верамейчыка ваеннапалонным і ўключыць яго ў абменны фонд.
reform.news/эж