Беларуская Служба

Жыхароў Гомельшчыны масава выклікаюць у пракуратуру, каб узяць абавязальніцтвы аб «належных паводзінах» у перыяд выбараў

25.11.2024 13:08
Людзей прымушаюць падпісваць папярэджанні аб недапушчальнасці парушэння КК і КаАП, абавязацельствы не парушаць грамадскі парадак.
.
.ulleo /pixabay.com/CC0 Public Domain

Адным з відаў прэсінгу ў перыяд выбарчай кампаніі сталі масавыя выклікі ў пракуратуру жыхароў Гомельскай вобласці, якія нейкім чынам «засвяціліся» як палітычна актыўныя. Гэта тыя, каго судзілі па крымінальных ці адміністрацыйных артыкулах за ўдзел у пратэстах супраць фальсіфікацыі выбараў 2020 года, за падпіскі на рэсурсы, абвешчаныя «экстрэмісцкімі».

Акрамя таго, вядома аб выпадках, калі такія выклікі ў пракуратуру атрымлівалі тыя, хто мае шмат штрафаў па лініі ДАІ.

Як даведаўся Флагшток, людзей прымушаюць падпісваць папярэджанні аб недапушчальнасці парушэння КК і КаАП, абавязацельствы не парушаць грамадскі парадак. Па словах крыніцы, такіх выклікаў у пракуратуру можа быць па некалькі дзясяткаў штодня.

Выклікі адбываюцца праз позву ці праз тэлефонны званок. Аднак актывісты адзначаюць, што турбавацца не варта - гэта толькі фармальная працэдура, якую сілавікі разглядаюць як «прафілактычную акцыю».

Аналагічную працэдуру прымушалі праходзіць актывістаў і напярэдадні выбараў 2020 года.

Флагшток/ав