Мэта мерапрыемства – аналіз досведу Польшчы і на яго падставе прапрацоўка магчымых сцэнарыяй дэмакратычных змен у Беларусі. Мерапрыемства было арганізавана Прадстаўніцтвам па транзіце ўлады Аб’яднанага Пераходнага Кабінета і Народным антыкрызісным упраўленнем.
Адным з асноўных патрабаванняў беларускага народа пасля беспрэцэдэнтнай жорсткасці рэжыму Лукашэнкі ў жніўні 2020 года стала правядзенне сумленных дэмакратычных выбараў пад кантролем міжнародных назіральнікаў. Па сутнасці – правядзенне транзіту ўлады, запуск працэсу перадачы паўнамоцтваў і адказнасці ў палітычнай сістэме. Сярод патэнцыйных шляхоў транзіту ўлады ў Беларусі можа разглядацца дыялог паміж уладнымі элітамі (той часткай, якая не здзяйсняла злачынстваў) і дэмакратычнымі сіламі праз фармат «круглага стала» або перамоў. Гэты сцэнар забяспечвае мірнае вырашэнне канфлікту, дзе зацікаўленыя бакі прыходзяць да кампрамісу, што можа ўключаць у сябе палітычныя рэформы, новыя выбары ці іншыя крокі па дэмакратызацыі. Гэтым працэсам была прысвечана дыскусія ў рамках мерапрыемства.
Удзел у мерапрыемстве прынялі беларускія і польскія эксперты, палітычныя і грамадскія дзеячы, у тым ліку прадстаўнік па транзіце ўлады Кабінета Павел Латушка, в.а. прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні Кабінета Павел Баркоўскі, спікерка Каардынацыйнай Рады Анжаліка Мельнікава, кіраўнік апарату Кабінета Валерый Мацкевіч, намеснікі прадстаўніка па транзіце ўлады Кабінета Юрый Губарэвіч і Арцём Брухан, першы намеснік старшыні Руху «За Свабоду», юрыст Алесь Міхалевіч, дырэктар Цэнтра ўсходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэта Ян Маліцкі, экс-супрацоўнік пракуратуры Беларусі Аляксандр Ракіцкі, эксперт BEROC Дзмітрый Крук, палітычны аналітык Вадзім Мажэйка ды іншыя.
Павел Латушка таксама падкрэсліў: «Сацыялогія сведчыць аб тым, што 97% беларусаў хочуць жыць у незалежнай краіне – Рэспубліцы Беларусь. І я ведаю, што падобныя настроі ёсць і ў значнай частцы наменклатуры. Падчас працы міністрам і дыпламатам у мяне быў досвед узаемадзеяння з тымі, хто сёння займае ключавыя пасады ў сістэме дзяржаўнага кіравання. Важна, каб тыя чыноўнікі, якія не здзяйснялі злачынстваў, якія маюць прадзяржаўныя і прабеларускія погляды, разумелі, што галоўнай перашкодай для выхаду Беларусі з грамадска-палітычнага крызісу з’яўляецца Лукашэнка і што нацыянальным інтарэсам краіны адпавядае выхад з гэтага крызісу. Калі прадстаўнік наменклатуры не здзяйсняў злачынстваў, калі не займаўся рэпрэсіямі ці злачынствамі супраць беларускага народа, ён павінен разумець, ніхто нікога не будзе “вешаць на стаўбах”, як намагаецца запужаць чыноўнікаў Лукашэнка. Аднак разам з тым тыя, хто здзяйсняў цяжкія злачынствы, павінны разумець, што адказнасць за іх будзе непазбежнай».
Крыніца: Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі/юл