Беларуская Служба

Палітзняволенага журналіста Ігара Карнея зноў будуць судзіць

28.11.2024 10:16
Ігара Карнея вінавацяць у злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі калоніі. Журналісту могуць дадаць яшчэ адзін год пазбаўлення волі.
Журналіст Ігар КарнейФота: Радыё «Свабода»

Чарговую крымінальную справу супраць Ігара Карнея пачнуць разглядаць у судзе Шклоўскага раёна 11 снежня. Яго абвінавачваюць паводле часткі 1 артыкула 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі).

Вядома, што адміністрацыя шклоўскай калоніі № 17 змяшчала журналіста некалькі разоў у ПКТ. Фактычна, цяпер яго будуць судзіць у крымінальным парадку за «парушэнні», за якія ён ужо атрымаў спагнанні ад адміністрацыі.

Першы раз у ПКТ журналіста змясцілі летам. Тэрмін ізаляцыі мусіў скончыцца ў жніўні, але стала вядома, што ў атрад ён так і не вярнуўся.

Ігара Карнея  затрымалі 17 ліпеня 2023 года пасля ператрусу ў ягонай кватэры. Адтуль сілавікі забралі камп’ютар і іншыя лічбавыя носьбіты інфармацыі. Яго абвінавацілі паводле часткі 3 артыкула 361–1 Крымінальнага кодэкса (удзел у экстрэмісцкім фармаванні).

22 сакавіка 2024 года Ігара Карнея асудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму і штрафу памерам 20 тысяч рублёў. Такое рашэнне прыняў суддзя Мінскага гарадскога суда Сяргей Кацэр.

У віну асуджанаму было пастаўлена супрацоўніцтва з сайтам «экстрэмісцкай арганізацыі» БАЖ. З фармулёўкамі абвінавачання пра тое, што ў сваіх артыкулах ён нібыта «даваў ілжывую карціну пра эканамічнае, сацыяльнае, ваеннае і міжнароднае становішча Рэспублікі Беларусь», Ігар Карней не пагадзіўся.

У сваім апошнім слове журналіст чарговы раз заявіў пра тое, што не лічыць сябе вінаватым:

«Адрозна ад шэрагу калегаў, я не з’ехаў з Беларусі з пачатку пераследу незалежных журналістаў. Бо не лічыў такі крок ратавальным, мэтазгодным. Пры тым, што магчымасці былі, не скарыстаўся імі цалкам асэнсавана. Гэта мая зямля, дзе нарадзіліся мае дзяды і бацькі, я сам і мае дзеці. Ніколі не збіраўся быць ворагам сваёй радзімы. Наадварот, заўсёды ў прафесійнай дзейнасці на першым месцы быў дыялог».

25 сакавіка 2024 года, пасля абвяшчэння судовага выраку пра трохгадовае зняволенне, беларуская праваабарончая супольнасць прызнала асуджанага журналіста палітычным вязнем.

У зняволенні ў Беларусі цяпер 36 супрацоўнікаў медыя.

baj.media/вх