27 лістапада ў Воршы ў мясцовым судзе прайшоў разгляд справы Андрэя Падабедава, якога судзілі паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама выраб, такой інфармацыйнай прадукцыі»)- паведамляе Белсат.
Як адзначае тэлеграм-канал «Витебск, я гуляю! | Новости Витебска», з такімі ініцыяламі ў Воршы ёсць 26-гадовы мясцовы хлопец, які на сваіх старонках у сацсетках часцей выказваў зацікаўленасць у дзяржаўных падзеях, а таксама сімпатыі да расійскай агрэсіўнай палітыкі ва Украіне.
На думку аўтараў каналаў, прычынай складання адміністрацыйнага пратакола магло стаць тое, што Падабедаў рэгулярна лайкаў бязвінныя навінавыя публікацыі з суполкі аршанскага партала orsha.eu, матэрыялы якога былі прызнаныя «экстрэмісцкімі».
Тым часам 25 лістапада ў судзе Кармянскага раёна суддзя Андрэй Аўсейцаў другі раз запар разглядаў адміністрацыйную справу вядомага мясцовага праўладнага блогера Аляксандра Петрачкова, якога таксама вінавацілі паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП. Першы раз яго судзілі за «распаўсюд экстрэмізму» 21 кастрычніка.
Раней Петрачкоў браў актыўны ўдзел у шматлікіх падзеях, якія ўлада арганізоўвала на сваю падтрымку, некалькі разоў ён рабіўся станоўчым героем публікацый у мясцовай дзяржаўнай газеце.
яс