Чатыры з паловай гады «хіміі» прысудзілі жыхару Барысава за распрацоўку праграмнага забеспячэння для «Кіберпартызанаў», паведамляе прэс-служба Генпракуратуры, на што звярнула ўвагу Еўрарадыё.
Праваабарончы цэнтр «Вясна» ўдакладняе, што гаворка ідзе пра 28-гадовага Максіма Нябожына. Яго абвінавацілі ў садзейнічанні «экстрэмісцкай» дзейнасці (ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК). Рэжым Лукашэнкі прызнаў ініцыятыву «Кіберпартызаны» «экстрэмісцкім фармаваннем», таму за супрацу з ёй пагражае крымінальны пераслед.
Вырак жыхару Барысава абвясціла суддзя Анжаліка Данілава. Яна таксама пастанавіла канфіскаваць ноўтбук падсуднага як прыладу злачынства.
Паведамляецца, што на судзе Нябожын цалкам прызнаў сваю віну.
яс