Беларуская Служба

МЗС Украіны адказала беларускаму ведамству на заяву аб «гарантыях бяспекі»

17.12.2024 11:20
«Усё, што маюць права патрабаваць беларускія чыноўнікі, — гэта справядлівае разбіральніцтва ў рамках працэсу прыцягнення агрэсара і яго памагатых да міжнародна-прававой адказнасці за злачынства агрэсіі супраць Украіны».
 ,
Дом урада, МінскRudoslawa_Lucyferowska/pixabay.com/CC0 Public Domain

У панядзелак МЗС Беларусі заявіла, што хоча ўдзельнічаць у мірных перамовах па Украіне і атрымаць гарантыі бяспекі. Інтарэсы Мінска павінны быць улічаны, лічыць намеснік міністра замежных спраў рэспублікі Юрый Амбразевіч.

У МЗС Украіны са здзіўленнем успрынялі заяву чыноўніка беларускага знешнепалітычнага ведамства аб тым, што Рэспубліка Беларусь нібыта прэтэндуе на «месца за сталом мірных перамоваў», дзе імкнецца атрымаць нейкія «гарантыі бяспекі».

«Беларускі рэжым, насуперак частцы другой артыкула 18 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, у якой падкрэсліваецца, што «Рэспубліка Беларусь выключае ваенную агрэсію са сваёй тэрыторыі супраць іншых дзяржаў», у лютым 2022 года стаў саўдзельнікам поўнамаштабнага ўзброенага ўварвання РФ ва Украіну.

Расійская Федэрацыя, якая выкарыстала тэрыторыю свайго саюзніка для ўзброенай агрэсіі супраць Украіны, на сённяшні дзень з'яўляецца адзінай крыніцай рэальных пагроз бяспекі Беларусі.

Усё, што маюць права патрабаваць беларускія чыноўнікі, — гэта справядлівае разбіральніцтва ў рамках працэсу прыцягнення агрэсара і яго памагатых да міжнародна-прававой адказнасці за злачынства агрэсіі супраць Украіны», - адказаў беларускаму МЗС украінскі бок.

ав