У Цэнтрвыбаркам 17 снежня пададзеныя дакументы на рэгістрацыю Аляксандра Лукашэнкі кандыдатам на пасаду прэзідэнта. Паперы аднёс кіраўнік ініцыятыўнай групы прэтэндэнта — старшыня праўладнай Федэрацыі прафсаюзаў Уладзімір Сянько, паведамляе «Позірк».
Іншыя прэтэндэнты наведвалі ЦВК асабіста. Старшыня лаяльнай Лукашэнку Камуністычнай партыі Беларусі Сяргей Сыранкоў зрабіў гэта 10 снежня, кіраўнікі праўладных структур — Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці Аляксандр Хіжняк і Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч — 11 снежня, былы член Аб’яднанай грамадзянскай партыі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў у 2016–2010 выбарчай кампаніі 2020 года Ганна Канапацкая - 13 снежня.
Рашэнне аб рэгістрацыі кандыдата будзе прымацца пры наяўнасці неабходных дакументаў, у тым ліку пратаколаў абласных і Мінскай гарадской выбарчых камісій, якія пацвярджаюць наяўнасць не менш як 100 тыс. подпісаў выбаршчыкаў, сабраных за вылучэнне.
Кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Круты 8 снежня сцвярджаў, што за вылучэнне яго непасрэднага кіраўніка кандыдатам сабралі рэкордную колькасць подпісаў - 2,5 млн.
Сёмая прэзідэнцкая кампанія (асноўны дзень галасавання прызначаны на 26 студзеня 2025 года) праходзіць пад кантролем уладаў, палітычнае поле краіны зачышчанае ад актыўных апанентаў Лукашэнкі. Прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў за мяжой называюць тое, што адбываецца, «спецаперацыяй па ўтрыманні ўлады», праваабаронцы звяртаюць увагу на імітацыю канкурэнцыі.
З 1996 года ніводная выбарчая кампанія ў Беларусі не была прызнаная незалежнымі назіральнікамі транспарэнтнай і адпаведнай дэмакратычным стандартам.
аз