Кампанія Legion 104, на рэкламных шчытах якой паказалі зварот Святланы Ціханоўскай, зараз знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі. У сваю чаргу дырэктар кампаніі Андрэй Смаляк, які спачатку праходзіў па справе як падазраваны, зараз мае статус сведкі, паведамляе «Медыязона».
24 лютага на рэкламных шчытах у Беларусі запусцілі зварот Святланы Ціханоўскай. Акцыю правяло аб'яднанне былых сілавікоў BELPOL. Праз суткі сілавікі затрымалі чатырох супрацоўнікаў кампаніі Legion 104, якая займалася размяшчэннем рэкламы на такіх шчытах.
Следчыя распачалі крымінальную справу па артыкуле аб знішчэнні, блакаванні ці мадыфікацыі кампутарнай інфармацыі.
«Справу паставілі на паўзу, чакаюць мяне як галоўнага сведку на допыт. Мая нерухомасць арыштаваная. Дэпартамент фінансавых расследаванняў працягвае праверку, выніку пакуль няма, але нічога добрага ад іх я не чакаю. Усе падаткі мы аплацілі, зараз пагашаем невялікую запазычанасць перад кліентамі. Супрацоўнікі звольніліся», - распавядае дырэктар.
Да інцыдэнту ў кампаніі працавалі 10 чалавек, а таксама 7 чалавек - пазаштатна.
«Мая кампанія пацярпела ад неабдуманых дзеянняў нашай «роднай» апазіцыі». Як і казаў раней, яны нас спісалі» - распавядае прадпрымальнік і дадаў, што плануе перанесці бізнес у Еўропу і нa Блізкі Усход дзеля чаго шукае інвестараў.
Прадпрымальнік адмаўляе дачыненне да трансляцыі звароту Ціханоўскай. Пра тое, што іх сэрвіс аказаўся ўзламаны, ён даведаўся па дарозе ў Польшчу — ехаў святкаваць свой дзень нараджэння.
Адказнасць за акцыю ўзялі на сябе былыя сілавікі з BELPOL.
аз