Беларуская Служба

Пасольства Японіі пацвердзіла затрыманне другога японца ў Беларусі

18.12.2024 11:57
Пасольства рэкамендуе ўстрымацца ад фотаздымкаў на вуліцы ў Беларусі.
Flaga Japonii
Flaga JaponiiShutterstock

Японія афіцыйна пацвердзіла затрыманне другога свайго грамадзяніна ў Беларусі. 17 снежня пра гэта паведаміла пасольства Японіі ў Мінску, піша The Asahi Shimbun.

Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі паведаміла пра затрыманне японскага грамадзяніна 1 снежня за фатаграфаванне аўтамабільнага моста над чыгуначнымі шляхамі ў Гомельскай вобласці. Як паведамляе японскае выданне, пасольства звярнулася па пацвярджэнне інфармацыі ў МЗС Беларусі. 16 снежня МЗС паведаміла пасольству пра затрыманне японскага грамадзяніна.

4 снежня пасольства Японіі ў Беларусі апублікавала папярэджанне для сваіх грамадзян наконт фота- і відэаздымкаў. Дыпламаты заклікалі не здымаць урадавых будынкаў, вайсковых аб’ектаў, чыгуначных шляхоў, у тым ліку станцый, цягнікоў і шляхоў, аэрапортаў, самалётаў, пасольстваў, судоў, грамадскіх будынкаў (напрыклад, музеяў і бібліятэк), а таксама забаўляльных устаноў, такіх як канцэртныя пляцоўкі, клубы і казіно. Акрамя таго, не рэкамендуецца весці здымкі каля межаў.

Пасольства рэкамендуе ўстрымацца ад фотаздымкаў на вуліцы ўвогуле, паколькі «не заўсёды зразумела, якія менавіта ўстановы адносяцца да дзяржаўных або спецыяльных дзяржаўных аб’ектаў». Таксама рэкамендуецца не хадзіць на палітычныя мітынгі, у тым ліку дзеля здымкаў.

12 снежня МЗС Японіі абнавіў рэкамендацыі па наведванні Беларусі, прысвоіўшы краіне трэці (аранжавы) узровень небяспекі, а тэрыторыям, якія мяжуюць з Украінай, — чацвёрты (чырвоны). Трэці ўзровень азначае рэкамендацыю ўстрымацца ад наведвання тэрыторыі, чацвёрты — неабходнасць эвакуацыі.

У верасні 2024 года беларускія ўлады заявілі пра затрыманне японскага грамадзяніна Накаінісі Масатосі, якога абвінавацілі ў «агентурнай дзейнасці». Другога японца, імя якога не паведамляецца, затрымалі 1 снежня.

Крыніца: reformby.org

нг