Беларуская Служба

Памёр дэпутат Незалежнасці Мікалай Крыжаноўскі

18.12.2024 18:18
Мікалай Крыжаноўскі ўдзельнічаў у распрацоўцы і прыняцці Даклярацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі, падрыхтоўцы законапраектаў да нечарговай сесіі Вярхоўнага Савету 24–25 жніўня 1991 г., на якой была адноўленая Незалежнасць Беларусі.
Мікалай Крыжаноўскі Фота: RFE/RL

Мікалай Крыжаноўскі нарадзіўся 1 сакавіка 1937 году ў Бабруйску. Скончыў Паўночна-заходні політэхнічны інстытут у Ленінградзе (сёння Санкт-Пецярбург). У 1990 годзе быў выбраны дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР. Сябра Камісіі ВС у пытаннях развіцця прамысловасці, энергетыкі, транспарту, сувязі і інфарматыкі. Сябра Часовай камісіі ВС па прывілеях. Сябра Канстытуцыйнай камісіі. Сябра ценевага кабінэту (ураду) Апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце, уваходзіў у камітэт барацьбы з карупцыяй.

Удзельнічаў у распрацоўцы і прыняцці Даклярацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі, падрыхтоўцы законапраектаў да нечарговай сесіі Вярхоўнага Савету 24–25 жніўня 1991 г., на якой была адноўленая Незалежнасць Беларусі.

Суаўтар Канцэпцыі пераходу Беларускай ССР на рынкавую эканоміку (восень 1990 г.), асноўных кірункаў рэформаў для выхаду з крызісу — перадвыбарная эканамічная платформа БНФ «Адраджэнне» (вясна-1995), суаўтар шэрагу законапраектаў.

Удзельнік галадоўкі 11–12 красавіка 1995 г. у Вярхоўным Савеце, абвешчанай у знак пратэсту супраць незаконна ініцыяванага Лукашэнкам рэфэрэндуму аб ліквідацыі статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай, ліквідацыі статусу дзяржаўных сімвалаў герба «Пагоня» і бел-чырвона-белага сцяга, эканамічнай інтэграцыі з Расіяй і праве прэзідэнта распускаць Вярхоўны Савет.

Пра смерць паплечніка ў сваім фэйсбуку паведаміў старшыня Кансерватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк,  — чытаем на svaboda.org.

 эж