Беларуская Служба

Прысуд журналістцы Вользе Радзівонавай вынеслі за публікацыі ў нямецкай прэсе

19.12.2024 08:44
Праваабаронцы прызналі Вольгу Радзівонаву палітзняволенай.
Ілюстрацыяфота: ilikeyellow/shutterstock

Сталі вядомыя падрабязнасці справы журналісткі Вольгі Радзівонавай, асуджанай на 4-ы гады калоніі агульнага рэжыму. 

Як паведамляе Генпракуратура, Вольгу асудзілі за артыкулы ў нямецкай газеце Die Tageszeitung, дзе яна апісвала сітуацыю ў Беларусі. Паводле версіі абвінавачвання, у артыкулах былі «выказванні, накіраваныя на ўзбуджэнне нацыянальнай і сацыяльнай варожасці, дыскрэдытацыю Рэспублікі, а таксама паклёп і абразы ў дачыненні да кіраўніка дзяржавы». 

Журналістку абвінавацілі па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса: паклёп і абраза Лукашэнкі, дыскрэдытацыя Беларусі і распальванне сацыяльнай варожасці. 

Ёй прысудзілі штраф у 4 тыс. рублёў і спагналі даход, атрыманы ад публікацый. 

Праваабаронцы прызналі Вольгу Радзівонаву палітзняволенай, паведамляе «Еўрарадыё». 

Як паведамлялася раней, затрымалі журналістку ў сакавіку 2024 года. Да 2020 года Радзівонава працавала ў KYKY.org, а таксама супрацоўнічала як фрылансер з беларускімі і замежнымі СМІ. 

На свабодзе ў журналісткі засталася хворая маці, якой патрэбны пастаянны догляд — жанчыне ўжо больш за 80 гадоў.

вс