Дыпламатычная служба Еўрасаюза заклікала вызваліць супрацоўніка місіі ЕС Мікалая Хіла, прыгаворанага да чатырох гадоў пазбаўлення волі, піша Politico.
У канцы мінулага года беларускі суд прыгаварыў мясцовага супрацоўніка місіі ЕС Мікалая Хіла да чатырох гадоў зняволення, што выклікала асуджэнне з боку Службы знешніх сувязей Еўрапейскага саюза, зазначае выданне.
«Мы працягваем заклікаць да неадкладнага і безумоўнага вызвалення Мікалая Хіла», — заявіла прадстаўніца ЕЗ па замежных справах і палітыцы бяспекі Аніта Хіпер.
Раней Хіпер ужо заклікала да вызвалення Хіла пасля таго, як стала вядома аб пачатку суда над ім. Паводле яе слоў, гэтае пытанне ўзнімалася «ў ходзе ўсіх кантактаў з Беларуссю».
Мікалай Хіла, мясцовы супрацоўнік місіі ЕС у Мінску, быў затрыманы 24 красавіка 2024 года. Па словах еўрапейскага чыноўніка, які захацеў захаваць ананімнасць, мінчук быў затрыманы КДБ перад офісам дэлегацыі ЕС. Мужчына таксама з'яўляецца прапаведнікам евангельскай царквы «Дабравесце».
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, разгляд справы Хіла пачаўся 23 снежня і працягнуўся 30 снежня. Яго абвінавацілі па ч. 3 арт. 361 КК (Заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь) і ч. 1 арт. 130 КК (Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або варожасці). Суддзёй выступала Алена Ананіч.
zerkalo.io/вх