Кіроўная партыя ў Латвіі «Новае Адзінства» падала на разгляд у Сейм законапраект, які абмяжоўвае здзелкі, якія пагражаюць нацыянальнай бяспецы.
Ён прадугледжвае ўвядзенне забароны на набыццё нерухомасці ў Латвіі грамадзянамі Расіі і Беларусі, а таксама юрыдычнымі асобамі, якія знаходзяцца ва ўладанні такіх грамадзян.
Мэта законапраекта - не дапусціць шкодную і небяспечную з пункту гледжання дзяржаўных інтарэсаў дзейнасць, а таксама не дазволіць абыходзіць санкцыі, паведамляе Delfi.lv.
Законапраект датычыцца як непасрэдна грамадзян краін-агрэсараў, так і юрыдычных асобаў, створаных у Расіі і Беларусі, а таксама тых, чые рэальныя бенефіцыяры - грамадзяне згаданых дзяржаў.
Абмежаванні не будуць распаўсюджвацца на тых асоб, якія атрымалі статус пастаяннага жыхара Еўрасаюза або дазвол на пастаяннае знаходжанне ў Латвіі ў адпаведнасці з патрабаваннямі Закона «Аб іміграцыі».
«У апошнія гады мы мэтанакіравана працуем, каб умацаваць бяспеку і дзяржаўны суверэнітэт Латвіі, абмяжоўваючы магчымасці Расіі і Беларусі рэалізоўваць свае знешнепалітычныя мэты ў Латвіі або арганізоўваць мерапрыемствы ўплыву і гібрыдныя атакі. Гэты законапраект - яшчэ адзін крок, каб забяспечыць абарону ад магчымых рызык», - заявіў кіраўнік фракцыі «Новага Адзінства» ў Сейме Латвіі Эдмундс Юрэвіц.
Законапраект быў распрацаваны ў супрацоўніцтве з Міністэрствам юстыцыі і Міністэрствам замежных спраў.
Нагадваем, 20 студзеня ўрад Латвіі ініцыяваў працу над законапраектам, які забароніць грамадзянам Беларусі працаваць на аб’ектах крытычнай інфраструктуры.
аз