Такім чынам эксперт выказаў сваю пазіцыю адносна прызначанай на 26 студзеня электаральнай працэдуры, якую рэжым Аляксандра Лукашэнкі называе «прэзідэнцкімі выбарамі», піша «Позірк».
«У атмасферы страху і рэпрэсій вельмі цяжка праводзіць вольныя выбары, можа нават немагчыма», — упэўнены ён.
Паводле слоў Муйжніекса, яго папярэдніца Анаіс Марэн адзначала, што «часта выбары становяцца каталізатарам парушэння правоў чалавека ў Беларусі».
«Так было тады, так адбываецца і цяпер, — канстатаваў эксперт. — Вольныя выбары патрабуюць свабоды — выражэння меркаванняў, СМІ, аб’яднанняў, мірных сходаў. І, вядома, патрэбная тэхнічная інфраструктура для правядзення выбараў: неабходна забяспечыць празрыстасць выбарчых камісій, тое, што там прысутнічаюць прадстаўнікі розных бакоў, што няма абмежаванняў для вылучэння кандыдатур, выбарчых правоў, што забяспечваюцца пэўныя працэдурныя гарантыі, што няма неналежных абмежаванняў у назіранні за выбарамі. Нічога з гэтага ў Беларусі няма — ні правоў, ані тэхнічнай інфраструктуры».
Паводле падлікаў праваабаронцаў, нагадаў спецдакладчык ААН, у краіне больш за 1.200 палітвязняў. Гэта «вялізная колькасць для такой краіны, як Беларусь», асабліва калі параўноўваць з колькасцю насельніцтва.
У Беларусі працягваюцца рэпрэсіі у рамках крымінальных і адміністрацыйных спраў палітычна матываванага характару, заявіў ён. Часам рэпрэсіі «накіроўваюцца на блізкіх і родных пацярпелых — як тых, што ўнутры Беларусі, так і тых, хто з’ехаў». «Мы ведаем пра даволі жорсткую практыку — паўторнае вынясенне выракаў, адвольнае падаўжэнне турэмнага зняволення, дзеянні супраць людзей, якія з’ехалі ў Літву, Польшчу, іншыя краіны», — адзначыў спікер.
Апрача таго, паводле яго слоў, усё больш рэпрэсіі «нацэльваюцца на адвакатаў, якія займаюцца палітычна чуллівымі справамі».
Спецдакладчык ААН нагадаў, што ў Беларусі «практычна ўсе незалежныя СМІ, сайты, сацсеткі пасля 2020 года былі закрытыя»; за кратамі, паводле падлікаў, «знаходзяцца 45 журналістаў і медыясупрацоўнікаў».
«Улады выкарыстоўваюць антытэрарыстычнае, антыэкстрэмісцкае заканадаўства для пераследу людзей, — канстатаваў ён. — Не толькі супраць журналістаў і медыяпрадстаўнікоў, але і за спажыванне інфармацыі СМІ, перадрук і ўпадабанне матэрыялаў. Прымяняецца заканадаўства “аб паклёпе”, шмат каго пераследуюць за “знявагу ўладаў” (часта — спадара Лукашэнкі) або “дыскрэдытацыю Беларусі».
«Калі выбаршчыкі не могуць незалежна сфармаваць сваё волевыяўленне, атрымаць незалежную інфармацыю, выбары нельга лічыць вольнымі», — падкрэсліў спікер.
Эксперт рэзюмаваў, што сітуацыя з правамі чалавека ў кантэксце выбараў «даволі жорсткая».
«Мне вельмі хочацца дачакацца, калі палітвязні будуць вызваленыя. Чакаю таго дня, калі палепшыцца сітуацыя з правамі чалавека, каб маглі адбыцца сапраўдныя выбары з непрадказальнымі вынікамі. Чакаю дня, калі спецдакладчык ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі больш не будзе неабходны», — сказаў Муйжніекс.
вх