Беларуская Служба

Каардынацыйная рада плануе ўдзельнічаць у Кангрэсе мясцовых і рэгіянальных уладаў Савета Еўропы

04.02.2025 15:03
КР паведамляе, што ўдзел у дзейнасці Кангрэса мясцовых і рэгіянальных уладаў, як паведамляецца, забяспечыць «далейшае прызнанне» КР як «прадстаўнічага органа дэмакратычных сіл Беларусі і беларускай грамадзянскай супольнасці».
Ілюстрацыйнае фотаhttps://t.me/rada_vision

У найбліжэйшы час на адрас дэлегацыі Каардынацыйнай рады (КР) у складзе шасці чалавек плануецца накіраваць запрашэнне да ўдзелу ў Кангрэсе мясцовых і рэгіянальных уладаў (асамблея ў складзе Савета Еўропы), паведамляе найбольш шматлікая фракцыя КР — «Каманда Латушкі і Рух «За Свабоду».

Адзначаецца, што падчас зімовай сесіі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) 27–31 студзеня з генеральным сакратаром згаданага кангрэса Мэцью Моры сустрэліся члены дэлегацыі КР, якія бралі ўдзел у пасяджэннях ПАСЕ, — спікер Анжаліка Мельнікава і Павел Латушка (прадстаўнікі фракцыі «Каманда Латушкі і Рух «За Свабоду»), Аляксандра Мамаева і Валер Мацкевіч («Еўрапейскі выбар»), Маргарыта Ворыхава («Моладзевы наступ»), Павел Церашковіч («Наша Справа / Беларускія хрысціянскія дэмакраты»).

Удзел у дзейнасці Кангрэса мясцовых і рэгіянальных уладаў, як паведамляецца, забяспечыць «далейшае прызнанне» КР як «прадстаўнічага органа дэмакратычных сіл Беларусі і беларускай грамадзянскай супольнасці»; узмоцніць супрацу з органамі мясцовага самакіравання; дасць магчымасць супрацоўнічаць з Саветам Еўропы ў рамках сумесных ініцыятыў і праектаў; дазволіць атрымаць досвед «у пытаннях падвышэння ўзроўню аўтаноміі мясцовых уладаў і паляпшэння ўзаемадзеяння паміж цэнтрам і рэгіёнамі».

Кангрэс мясцовых і рэгіянальных уладаў адказвае за «ўмацаванне мясцовай і рэгіянальнай дэмакратыі ў 46 краінах-удзельніцах», а таксама за «ацэнку выканання Еўрапейскай хартыі мясцовага самакіравання».

Крыніца: Позірк. Навіны пра Беларусь/юл