У Кіеве адбылося пахаванне дабраахвотніцы Марыі Зайцавай, якая загінула на вайне ва Украіне ў баі пад Пакроўскам Данецкай вобласці 17 студзеня.
Марыю пахавалі на могілках у Кіеве, дзе пахаваныя іншыя беларускія дабраахвотнікі, у тым ліку пабрацім Марыі з ІІ Інтэрнацыянальнага легіёну з пазыўным «Мінск».
Трэцяга лютага апоўдні ў Кіеве адбылося развітанне з беларускай Марыяй Зайцавай, якая загінула на фронце, змагаючыся за Украіну. Пра гэта Свабодзе паведамілі яе сябры. Развітанне прайшло ў Кіеўскім крэматорыі.
Пазней Крысціна Шыянок, якая была кантактнай асобай на выпадак смерці Марыі Зайцавай, напісала ў Фэйсбуку, што дзякуючы звароту Святланы Ціханоўскай да адміністрацыі Кіева крэмацыю скасавалі і што Марыя «будзе пахаваная так, як яна хацела, і там, дзе яна хацела».
Дзяўчына ўдзельнічала ў пратэстах 2020 году, 9 жніўня яе параніла шумавой гранатай у Мінску каля стэлы. Тады ёй зрабілі некалькі аперацый у Беларусі, а пасля вывезлі на лячэнне ў Чэхію.
Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны яна далучылася да абаронцаў Украіны.
16 студзеня, напярэдадні гібелі, Марыі споўнілася 24 гады.
Крыніца: Радыё Свабода/юл