Беларуская Служба

EPAM і Wargaming заплацілі самыя вялікія падаткі ў літоўскім ІТ у 2024 годзе

07.02.2025 13:06
EPAM трэці год запар стаў найбуйнейшым падаткаплацельшчыкам у літоўскім ІТ, вынікае са звестак Дзяржаўнай падатковай інспекцыі пры літоўскім Мінфіне. На другім месцы другі год запар — Wargaming.
.
.devby.io

Аднак абедзве кампаніі за мінулы год прынеслі літоўскаму бюджэту менш падаткаў, чым у 2023. Адная з магчымых прычын — адток спецыялістаў з літоўскай лакацыі, паведамляе devby.io.

EPAM Sistemos за мінулы год прынесла ў літоўскі бюджэт 17,8 млн еўра падаткаў. У параўнанні з 2023 годам падатковыя адлічэнні скараціліся на 14% (або на 2,8 млн еўра).

На падатковых адлічэннях EPAM мог адбіцца адток спецыялістаў з літоўскага офіса. Сярод усіх ІТ-кампаній з беларускімі каранямі EPAM страціла больш за ўсё спецыялістаў.

За мінулы год літоўская каманда скарацілася амаль на 180 чалавек (мінус 12,5%). Цяпер у двух філіялах (у Вільні і Коўне) зарэгістравана больш за 1,2 тысячы супрацоўнікаў. На пачатку мінулага года іх было больш за 1,4 тысячы.

Нягледзячы на высокія падатковыя адлічэнні, якія захоўваюцца, EPAM працягвае заставацца па-за межамі топа-10 сярод ІТ-кампаній з беларускімі каранямі па ўзроўні сярэдняга заробку.

Па выніках снежня мінулага года сярэдні заробак там склаў 4,8 тысячы еўра брута — усяго на 2,4% больш, чым годам раней.  Медыянны заробак па кампаніі склаў 4652 еўра (брута).

Літоўская дачка Wargaming прынесла бюджэту краіны за мінулы год 13,3 млн еўра. Але ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года падатковыя адлічэнні скараціліся больш чым на 10% (або на 1,6 млн еўра).

Каманда Wargaming у Літве таксама скарачаецца, і ўжо не першы год. Калі на пачатку мінулага года ў літоўскім офісе кампаніі былі зарэгістраваныя 914 спецыялістаў, то на гэты момант — 828. За год+ каманда скарацілася на 10%. Адток спецыялістаў з літоўскага офіса працягваецца і сёлета.

Літоўская дачка Wargaming, у адрозненне ад EPAM, па выніках снежня мінулага года ўвайшла ў топ-10 ІТ-кампаній з беларускімі каранямі па памеры сярэдняга заробку. За апошні месяц мінулага года сярэдні заробак там перавысіў 5,5 тысячы еўра брута.

Па выніках мінулага года EPAM і Wargaming заплацілі ў літоўскі бюджэт больш за 31 млн еўра падаткаў — на 4,4 млн еўра менш, чым у 2023 годзе.

вх