Працуэс будзе весці суддзя Сяргей Кацар.
Журналіста, прызнанага палітвязнем, абвінавачваюць паводле арт. 369¹ (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) і ч. 2 арт. 361⁴ (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) Крымінальнага кодэкса.
Пра затрыманне Ільяша — мужа журналісткі, палітзняволенай Кацярыны Андрэевай (Бахвалавай) — паведамілі праўладныя рэсурсы 22 кастрычніка мінулага года. З паведамленняў вынікала, што ён затрыманы за інтэрв’ю незалежным СМІ. Заяўлялася, што тым самым ён займаўся «садзейнічаннем экстрэмісцкім фарміраванням».
Таксама сцвярджалася, што журналіст ажыццяўляў «збор звестак для замежных разведак — даваў каментарыі ўкраінскім выданням».
На відэа сілавікоў Ільяш паведаміў, што да ліпеня 2021 года з’яўляўся кадравым супрацоўнікам тэлеканала «Белсат», пасля гэтага стаў журналістам-фрылансерам. «На працягу гэтых гадоў я неаднаразова даваў інтэрв’ю розным медыя, у ліку якіх былі і рэсурсы, якія былі прызнаны на тэрыторыі Беларусі “экстрэмісцкімі фарміраваннямі” ў той ці іншы час», — сказаў ён.
Журналіст асобна згадвае, што сярод замежных СМІ, якія да яго звярталіся па інтэрв’ю, былі ўкраінскія. У прыватнасці, на кантакт выходзіў «украінскі журналіст, які праводзіў расследаванне наконт магчымага ўдзелу беларускіх войскаў ва ўварванні ва Украіну».
У ліпені 2021 года Ільяша затрымлівалі на 10 дзён, ён быў у статусе падазраванага паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Далейшага ходу крымінальная справа не атрымала.
Андрэева была затрымана разам са сваім аператарам Дар’яй Чульцовай 15 лістапада 2020 года. Яна вяла жывы эфір з месца разгону сілавікамі людзей, якія прыйшлі ўшанаваць памяць забітага актывіста Рамана Бандарэнкі («плошча Перамен» — двор на вул. Чарвякова ў Мінску).
У лютым 2021 года суд Фрунзенскага раёна Мінска прызнаў журналістак вінаватымі ў «арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (арт. 342 КК), і прыгаварыў да двух гадоў калоніі.
Беларускія праваабаронцы прызналі іх палітзняволенымі.
13 ліпеня 2022 года Гомельскі абласны суд прыгаварыў Андрэеву да васьмі гадоў пазбаўлення волі паводле ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве). Паколькі раней яна ўжо была прыгаворана да зняволення, шляхам частковага складання канчатковым пакараннем ёй прызначылі пазбаўленне волі на тэрмін восем гадоў і тры месяцы. Адлік вядзецца ад моманту затрымання ўвосень 2020 года.
20 верасня Вярхоўны суд не задаволіў скаргу Андрэевай на рашэнне Гомельскага абласнога суда і пакінуў гэты вырак у сіле. Разам з тым ВС адкарэктаваў фармулёўку абвінавачання — «выдача дзяржаўных сакрэтаў замежнай арганізацыі, замежнай дзяржаве» заменена на «шпіянаж».
3 верасня таго ж года Чульцова выйшла на волю. Цяпер пражывае ў Польшчы.
Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, цяпер у няволі знаходзіцца 41 прадстаўнік СМІ.
pozirk.online/вх