Беларуская Служба

Міжнародная платформа па адказнасці для Беларусі перадала ў Гаагу матэрыялы супраць рэжыму Лукашэнкі

08.02.2025 18:16
База дадзеных Платформы змяшчае больш за 29 тысяч дакументаў, якія маюць дачыненне да 2600 апытаных, і больш за мільён архіўных матэрыялаў з адкрытых крыніц.
.
..

Міжнародная платформа па прыцягненню вінаватых да адказнасці для Беларусі (IAPB) днямі перадала ў канцылярыю пракурора Міжнароднага крымінальнага суду (МКС) доказы і юрыдычны аналіз для папярэдняга вывучэння пытання аб тым, ці валодае суд юрысдыкцыяй для расследавання і пераследу мер каваных злачынстваў супраць чалавечнасці з боку рэжыму ў Беларусі, паведамляе «Радыё Свабода».

Фактычны і юрыдычны аналіз доказаў, сабраных Платформай падчас інтэрв'ю са сведкамі і пацярпелымі, а таксама матэрыялаў з адкрытых крыніц, быў падрыхтаваны ў сувязі са зваротам Літвы ў МКС наконт сітуацыі ў Беларусі 30 верасня 2024 года, а таксама зваротам 13 праваабарончых арганізацый да іншых дзяржаў-удзельніц МКС з заклікам далучыцца да яе.

«Дзякуючы стойкасці і мужнасці беларускіх пацярпелых і праваабаронцаў, а таксама камандзе Платформы, якая мае цвёрды намер дамагчыся змены сітуацыі, мы змаглі падаць Пракурору МКС істотную інфармацыю і доказы для разгляду», — кажа Андрэа Хубэр, кіраўніца Платформы.

Паведамленне Платформы ўтрымлівае фактычныя звесткі, у тым ліку пра грамадзянскія пратэсты ў Беларусі і жорсткае абыходжанне з пратэстоўцамі, іх затрыманні, ператрусы, утрыманне пад вартай і іншыя парушэнні асноўных правоў, прымусовы выезд беларусаў з краіны і парушэнні іх правоў у эміграцыі. Акрамя таго, прадстаўлены юрыдычны аналіз пытанняў юрысдыкцыі, асноватворных актаў меркаваных злачынстваў супраць чалавечнасці і прымальнасці справы, а таксама адпаведныя дадаткі аб месцах утрымання пад вартай і дзяржаўных структурах у Беларусі.

Акрамя паведамлення ў МКС, Платформа прадставіла доказы, інфармацыю і аналітычныя матэрыялы пяці дзяржавам, механізмам ААН па прыцягненні да адказнасці і Маскоўскаму механізму АБСЭ, а таксама супрацоўнічала з юрыстамі і арганізацыямі грамадзянскай супольнасці з мэтай прыцягнення да адказнасці тых, хто ўчыніў міжнародныя злачынствы, для забеспячэння правасуддзя і кампенсацыі пацярпелым, гаворыцца ў паведамленні Платформы.

Акрамя магчымага расследавання Міжнародным крымінальным судом, у Платформе падкрэсліваюць «вострую неабходнасць» правядзення нацыянальных расследаванняў і судовага пераследу ў адпаведнасці з прынцыпам універсальнай юрысдыкцыі. «Платформа гатовая прадставіць доказы і аналіз нацыянальным пракурорам, якія вядуць расследаванне парушэнняў міжнароднага крымінальнага права ў Беларусі», — адзначыла Андрэа Хубэр.

Кіраўнік «Народнага антыкрызіснага ўпраўлення» (НАУ) і намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі Павел Латушка падзякаваў Плятформе за перадачу дакументаў у офіс пракурора МКС і паведаміў, што НАУ «таксама рыхтуе доказы і матэрыялы для перадачы ў бліжэйшы час у офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда». Паводле Латушкі, гэта важны этап для наступнай ацэнкі пракурорам МКС магчымасці прыняцця рашэння аб пачатку расследавання беларускай сітуацыі.

Міжнародная платформа па прыцягненню вінаватых да адказнасці — кааліцыя беларускіх і міжнародных НДА, створаная ў 2021 годзе — займаецца зборам, кансалідацыяй, праверкай і захаваннем доказаў грубых парушэнняў правоў чалавека, якія з'яўляюцца злачынствамі па міжнародным праве, як мяркуецца, учыненых беларускімі ўладамі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і пасля іх. База дадзеных Платформы змяшчае больш за 29 тысяч дакументаў, якія маюць дачыненне да 2600 апытаных, і больш за мільён архіўных матэрыялаў з адкрытых крыніц.



вх