7 лютага ў раскладзе суда Першамайскага раёна паявілася імя і прозвішча Георгія Каржанеўскага, журналіста і культуролага, які рабіў агляды мастацкіх падзей для розных рэгіянальных выданняў. Яго вінавацілі ў «распаўсюдзе экстрэмізму» і «прапагандзе нацысцкай сімволікі».
Адміністрацыйную справу Георгія Каржанеўскага паводле ч.2 арт.19.11 КаАП і ч.2 арт. 19.10 КаАП разбірала суддзя Кацярына Цыбульская.
У Віцебску гэта ўжо стала традыцыяй: разбіраць палітычна матываваныя «адміністратыўкі» прызначаюць маладых суддзяў, якія зусім нядаўна атрымалі свае першыя прафесійныя пасады. Так, Кацярына Цыбульская толькі ў студзені гэтага года была прызначана суддзёй суда Першамайскага раёна, да гэтага яна колькі часу адпрацавала памочнікам суддзі. З самых першых дзён на новай пасадзе дзяўчыну пачалі накіроўваць на розныя сустрэчы ў працоўных калектывах, дзе яна выступала з прамовамі пра небяспеку падпісак на «экстрэмісцкія інтэрнэт-рэсурсы».
Як мы ўжо пісалі, у судзе Кастрычніцкага раёна Віцебска адміністрацыйныя справы паводле ч.2 арт.19.11 КаАП апошнім часам прызначаюць разглядаць суддзю Ганну Кот, якая была прызначана на гэтую пасаду ў 2022 годзе.
Што да адміністрацыйнай справы Георгія Каржанеўскага, то судовае рашэнне па ёй пакуль не вядомае. У апошнія гады ён адышоў ад журналісцкай працы, больш займаўся ўласнымі культуралагічнымі праектамі, час ад часу ездзіў за мяжу – на заробкі і да сяброў.
Віцебская Вясна/ав