Паліну Шарэнда-Панасюк у Беларусі двойчы прымушалі падпісаць «дамову аб канфідэнцыйным супрацоўніцтве». Першы раз гэта адбылося ў снежні 2024-га ў калоніі, другі раз — у ГУБАЗіКу ў Брэсце ў пачатку лютага. Пра гэта былая палітзняволеная распавяла 10 лютага на прэс-канферэнцыі ў Вільні. Яна дэзавуявала гэтыя дамовы, — паведамляе euroradio.
«Гэта стандартная папера, якую падпісвалі ў многіх таталітарных рэжымах. Гэта называецца стукацтва», — кажа экс-палітзняволеная. Яна раскрыла свой псеўданім — «Эдэльвейс».
Паліна Шарэнда-Панасюк заклікала іншых былых палітвязняў, якія падпісвалі падобныя паперы і знаходзяцца ў бяспецы, расказаць пра гэта.
Паліна Шарэнда-Панасюк — грамадская актывістка з Брэста. За кратамі яна была са студзеня 2021 года. У чэрвені 2021-га Паліна была асуджана на 2 гады пазбаўлення волі (яе абвінавацілі ў «гвалце» ў дачыненні да міліцыянтаў і іх «абразе», а таксама ў «абразе Лукашэнкі»).
У зняволенні яе яшчэ тройчы судзілі за «непадпарадкаванне адміністрацыі», павялічваючы тэрмін. Яна правяла за кратамі чатыры гады і адзін месяц — на волю апазіцыйную актывістку выпусцілі 1 лютага 2025 года. Праз некалькі дзён яна выехала за мяжу да сваёй сям'і.
эж