Беларуская Служба

Адзін з замежных банкаў уводзіць чарговыя абмежаванні, якія датычацца Беларусі і Расіі

27.02.2025 11:06
З 29 красавіка 2025 года літоўскі Swedbank уводзіць новыя абмежаванні, якія датычацца Беларусі і Расіі.
 .
Ілюстрацыйны здымак.stevepb/pixabay.com/CC0

Цяпер фінустановы будуць блакаваць не толькі прамыя, але і ўскосныя плацяжы, калі яны хоць неяк звязаныя з гэтымі дзяржавамі. Адпаведнае паведамленне банк разаслаў сваім кліентам.

У банку патлумачылі, што нельга будзе атрымліваць або адпраўляць грошы, калі плацёж звязаны з аплатай тавараў або паслуг, якія ў выніку апынуцца ў Беларусі ці Расіі (гэта значыць, калі ў канчатковым выніку грошы пойдуць праз трэцюю кампанію або чалавека ў Беларусь).

Забаронена залічэнне сродкаў, якія непасрэдна або ўскосна звязаны з гэтымі краінамі, а таксама людзьмі, якія пражываюць у іх, або кампаніямі, якія там зарэгістраваны. Таксама абмежаванне датычыцца сітуацый, калі тавары і паслугу, якія аплачваюцца, першапачаткова паходзяць з Беларусі і РФ. Гэта значыць, гэта можа абмежаваць магчымасці грашовых пераводаў на рахункі гэтага банка з Беларусі ў тым ліку праз іншыя сэрвісы.

Пад забарону падпадае залічэнне на рахунак Swedbank грошай ад продажу ці арэнды нерухомасці (і іншай маёмасці) у Беларусі, выплаты дывідэндаў ад кампаній з Беларусі ці РФ, зарплаты ці іншага прыбытку.

Восенню 2023 года некаторыя міжнародныя банкі, якія працуюць у тым ліку ў балтыйскіх краінах, прынялі рашэнне абмежаваць працу сваіх картак на тэрыторыі Беларусі. Сярод такіх фінустановах - Luminor Bank, SEB Bank і Swedbank.

Зеркало/ав