Беларуская Служба

Былая палітзняволеная Антаніна Канавалава выехала за мяжу і сустрэлася з сям'ёй

17.03.2025 08:39
Антаніна Канавалава і яе маці падзякавалі ўсім за падтрымку. Пра вызваленне Антаніны Канавалавай стала вядома 15 снежня 2024 года.
Антаніна Канавалава сустрэлася з сям'ёй Фота: facebook.com/AniaKonowalowa

Былая палітзняволеная Антаніна Канавалава здолела выехаць за мяжу і сустрэцца з сваімі дзецьмі. Відэа сустрэчы апублікавала на сваёй старонцы ў Facebook яе маці Ганна Канавалава, — паведамляе euroradio. 

«Ну, вось, адбылося!!! Мы дачакаліся!!! Пасля 1555 дзён няволі... Мы нарэшце змаглі абняцца! Вельмі цаню, люблю кожнага з вас, хто дапамагаў мне і дзецям выстаяць, а часам і выжыць», — пракаментавала Ганна Канавалава.

Антаніна Канавалава і яе маці падзякавалі ўсім за падтрымку. Пра вызваленне Антаніны Канавалавай стала вядома 15 снежня 2024 года.

Жанчына была даверанай асобай Святланы Ціханоўскай у 2020 годзе і 6 верасня таго году трапіла за краты. Спярша яе судзілі па адміністрацыйнай справе, але пасля так і не адпусцілі — абвінавацілі паводле арт. 293 КК (масавыя беспарадкі).

У жанчыны двое маленькіх дзяцей. Яе маці пасля арышту дачкі разам з унукамі была вымушаная пакінуць Беларусь.

У траўні 2021-га Канавалавай прысудзілі пяць з паловай гадоў калоніі агульнага рэжыму. У калоніі яна атрымала інваліднасць трэцяй групы па зроку. Яе муж Сяргей Ярашэвіч асуджаны на шэсць гадоў і тры месяцы калоніі.

эж