Латвійская дзяржаўная служба памежнай аховы назвала прычыну часовага закрыцця пункту пропуску «Патэрніекі» на мяжы з Беларуссю. Ён не працаваў у нядзелю 16 сакавіка. Гэта адзіны КПП, які працуе на мяжы Беларусі і Латвіі. Пункт не функцыянаваў прыблізна 9 гадзін, паведамляе svaboda.org.
Як заявіў начальнік памежнай аховы Латвіі Гунтыс Пуятс, прычынай часовага закрыцця пункту пропуску стала набліжэнне да яго групы людзей, падобных на іншаземцаў, якія нібыта хацелі незаконна перасячы мяжу. Тады на самую мяжу прыбылі чатыры мігранты. З размовы з імі стала зразумела, што паток можа вырасці. У выніку рух праз КПП закрылі для прадухілення магчымай эскалацыі. Позна ўвечары пункт аднавіў працу пасля таго, як меркаваныя парушальнікі з'ехалі.
Пуятс таксама прызнаў, што пункт «Патэрніекі» можа быць закрыты цалкам. Пакуль жа памежнікі прапануюць ураду забараніць перасячэнне мяжы пешшу і на роварах, дазволіўшы перасячэнне толькі на аўтамабілях.
Сёння прапанову перададуць ураду, які павінен разгледзець яе ў аўторак. Пакуль абмежаванне плануюць увесці на 6 месяцаў, аднак калі паток парушальнікаў не знізіцца, памежнікі могуць запытаць поўнае закрыццё руху праз пункт пропуску.
Пуятс пацвердзіў, што ў памежнай службы падрыхтаваныя бар’еры і іншыя сродкі для тэрміновага закрыцця КПП.
эж